Правядзенне дэнамінацыі не паўплывае на ўзровень цэн. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў старшы аналітык кампаніі "Альпары" Вадзім Іосуб.
"Ёсць пэўныя чуткі, што сама па сабе дэнамінацыя можа прывесці да росту цэн. Але гэта толькі чуткі. Фактамі, даследаваннямі гэта не пацвярджаецца", - адзначыў Вадзім Іосуб.
"Цяпер усе цэны акруглены да 100 рублёў, пры новай грашовай сістэме 1 капейка будзе эквівалентнай цяперашнім 100 рублям, гэта значыць не будзе ніякіх фокусаў з акругленнем - усе цэны, якія ўжо акруглены да 100 рублёў, проста атрымаюць новы намінал", - растлумачыў ён.
Вадзім Іосуб канстатаваў, што неабходнасць дэнамінацыі была відавочнай. Пытанне было толькі ў тэрмінах правядзення.
"Плюсы ад правядзення дэнамінацыі будуць тэхнічныя і, можна сказаць, псіхалагічныя. Мы вернемся да нармальнага цэнніка, насельніцтва з пункту гледжання сваіх зарплат перастане быць мільянерамі, турысты, якія прыязджаюць у Беларусь, перастануць здзіўляцца цэннікам і колькасці нулёў на іх", - адзначыў эксперт.
Вадзім Іосуб падкрэсліў, што аб'яўленне аб правядзенні дэнамінацыі сведчыць, што ва ўлад прысутнічае ўпэўненасць у будучай стабільнасці беларускага рубля. "Калі б былі апасенні таго, што ў будучым можа быць высокая інфляцыя і дэвальвацыя, рашэнне (па правядзенні дэнамінацыі. - Заўвага БЕЛТА) цяпер ніхто не прымаў бы", - упэўнены ён.
Таксама эксперт пракаменціраваў увядзенне капеек. "Лічыцца, што металічныя манеты прысутнічаюць у даволі стабільных грашовых сістэмах. Зразумела, што дэнамінацыя папяровых купюр - гэта дарагое мерапрыемства, праводзіць замену металічных манет - яшчэ больш дарагое мерапрыемства. Тое, што вырашылі ўвесці ў абарачэнне манеты, сведчыць аб высокай ступені ўпэўненасці кіраўніцтва краіны, што ў бліжэйшым будучым яшчэ адну дэнамінацыю рабіць не давядзецца", - рэзюмаваў ён.
