Праект рэспубліканскага бюджэту на 2017 год павінен быць сфарміраваны такім чынам, каб ствараліся ўмовы для развіцця эканомікі. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Уладзімір Панцюхоў на пашыраным пасяджэнні камісіі, дзе разглядаліся праекты законаў "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год" і "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Панцюхоў адзначыў неабходнасць разгляду праекта бюджэту з улікам прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, вызначаных пятым Усебеларускім народным сходам на бліжэйшыя пяць гадоў: інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь. "Важна, каб прапанаваны бюджэт меў патэнцыял для развіцця эканомікі, магчымасці для рэалізацыі гэтых прыярытэтаў, - падкрэсліў ён. - Наша задача, як прадстаўнікоў заканадаўчага органа, забяспечыць рэалізацыю гэтых прыярытэтаў шляхам удасканалення прававога поля для далейшага паступальнага развіцця эканомікі краіны".
Старшыня камісіі адзначыў, што сённяшняе пасяджэнне - гэта прадаўжэнне работы па ўнясенні дапаўненняў і змяненняў у падатковы кодэкс і падрыхтоўцы для разгляду ў парламенце праекта закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год. "Яго трэба будзе адобрыць парламенту пятага склікання, не перакладваючы гэты адказны момант на плечы новага парламента", - адзначыў ён.
12 жніўня ў Савеце Рэспублікі былі разгледжаны праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2017 год і параметраў асноўных паказчыкаў на 2018-2019 гады, а таксама асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год. Паводле слоў Уладзіміра Панцюхова, абмеркаванне было прадметным і зацікаўленым, прагучала шэраг заўваг у адрас распрацоўшчыкаў. Некаторыя з іх разам з прапановамі па ўдасканаленні падатковага заканадаўства для прыцягнення замежных інвестараў, уключэння ў абарот неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці, вырашэнні пытанняў самазанятасці насельніцтва ў рэгіёнах, фарміраванні бюджэту Мінска накіраваны ў Мінфін, Мінэканомікі, МПЗ.
"Мы вельмі разлічваем, што сёння пачуем кваліфікаваныя растлумачэнні па кожнай з іх. Пісьмовыя адказы атрыманы, улічана не ўсё. Але ў нас няма падстаў не верыць калегам з міністэрстваў у тым, што ў 2017 годзе ў Беларусі будуць вырашаны няпростыя задачы як са знешнімі, так і з унутранымі плацяжамі і напаўненнем бюджэту, - адзначыў ён. - Мы павінны пабуджаць міністэрствы і ведамствы, нашых грамадзян і бізнес-супольнасць да больш эфектыўнай і рэзультатыўнай работы, хаця б таму, што ў нас няма вялікага манеўру, неабходны пошук рэзерваў росту даходнай часткі бюджэту, а яшчэ таму, што многае, што робіцца ў дзяржаве, робіцца за кошт бюджэту".
Уладзімір Панцюхоў таксама звярнуў увагу на важнасць вырашэння задачы па ацэнцы рэзерваў і рэальных магчымасцей развіцця кожнай тэрыторыі, кожнага прадпрыемства ў Беларусі. Сур'ёзная роля ў гэтым адводзіцца мясцовым Саветам дэпутатаў. "Прынцыпова важна рабіць гэта цяпер, калі ідзе абмеркаванне праекта бюджэту на чарговы фінансавы год", - рэзюмаваў ён.
