Сцяг Нядзеля, 8 лютага 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
01 красавіка 2015, 12:02

Аляксандр Ягораў: У Беларусі адбудзецца рост упэўненасці ў нацыянальнай валюце

Дэдаларызацыя дасць магчымасць Беларусі знізіць агульнаэканамічныя рызыкі і павысіць устойлівасць да выклікаў часу. У краіне адбудзецца рост упэўненасці ў нацыянальнай валюце. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў фінансавы аналітык кампаніі TeleTrade Аляксандр Ягораў.


Эксперт звярнуў увагу, што тэндэнцыя дэдаларызацыі набірае абароты ва ўсім свеце. Кітай, Расія, Казахстан і шэраг іншых краін выпрацоўваюць доўгатэрміновую стратэгію зніжэння залежнасці сваіх эканомік ад амерыканскага долара. "Беларусь таксама не стаіць убаку ад гэтых працэсаў. Гэта абгрунтаванае рашэнне для зніжэння агульнаэканамічных рызык і павышэння ўстойлівасці да выклікаў часу", - лічыць Аляксандр Ягораў.


Адна са складанасцей працэсу дэдаларызацыі ў тым, каб пераадолець неабгрунтаваныя апасенні насельніцтва і бізнесу. "Пытанне заключаецца ў рэальна сфарміраваным успрыманні ролі валюты як сродку зберажэння і патрэбнасці ў ёй пры паездках і гандлёвых аперацыях з замежнымі партнёрамі", - адзначыў эксперт. Ён падкрэсліў, што цяпер у Беларусі вельмі важная роля і дзеянні Нацыянальнага банка па павышэнні даверу да беларускага рубля. "У Расіі Цэнтральнаму банку ўдалося змяніць панічныя настроі, што панавалі ў канцы мінулага года. Мне ўяўляецца, што і ў Беларусі адбудзецца рост упэўненасці ў нацыянальнай валюце. Тым больш што Нацбанк прадэклараваў гэта ў ліку прыярытэтных задач", - сказаў фінансавы аналітык.


Як паведамлялася, з 1 сакавіка Нацыянальны банк спыніў выдачу індывідуальных дазволаў суб'ектам валютных аперацый на выкарыстанне ў разліках з фізічнымі асобамі замежнай валюты пры ажыццяўленні страхавой і турыстычнай дзейнасці. Пры гэтым па дагаворах, якія былі заключаны ў замежнай валюце і пачалі дзейнічаць да 1 сакавіка, разлікі ажыццяўляюцца ў ранейшым парадку да выканання бакамі ўсіх абавязацельстваў. Калі такі дагавор будзе зменены або скасаваны, то выплачаная кліентам сума таксама вяртаецца яму ў валюце.


Акрамя таго, цяпер толькі ў беларускіх рублях можна разлічыцца за аўтамабільны бензін усіх марак, дызельнае паліва і звадкаваны газ, а таксама ў аб'ектах рознічнага гандлю на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах з нумарацыяй "М", "М/Е" і ў пунктах пропуску праз дзяржаўную граніцу Беларусі. Плаціць валютай па-ранейшаму можна ў магазінах бяспошліннага гандлю, а таксама па страхавых узносах у некаторых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.


Кампанія TeleTrade створана ў 1994 годзе і на гэты момант прадстаўлена ў 38 краінах свету. TeleTrade аказвае кансультацыйныя паслугі, рэалізуе навучальныя праграмы па фінансавай дасведчанасці і самастойнай інвестыцыйнай дзейнасці на рынку фінансавых паслуг, у тым ліку на рынку Форэкс.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі