Гісторыя абароны Брэсцкай крэпасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны стала сімвалам гераізму, вернасці прысязе і любові да Радзімы.
Гераічная абарона крэпасці доўжылася з 22 чэрвеня па канец ліпеня 1941 года.
Да моманту пачатку вайны ў Брэсцкай крэпасці налічвалася ад 7 да 8 тыс. савецкіх воінаў.
Праціўнік меў амаль 10-кратную перавагу ў сілах.
Брэсцкую крэпасць абаранялі воіны больш як 30 нацыянальнасцей СССР.
Амаль 200 удзельнікаў абароны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена маёру Гаўрылаву і лейтэнанту Кіжаватаву.
8 мая 1965 года Брэсцкай крэпасці прысвоена ганаровае званне "крэпасць-герой".
Архітэктурна-скульптурны ансамбль мемарыяла ўключае манументальны галоўны ўваход у выглядзе зоркі, галоўны манумент "Мужнасць", штык-абеліск, скульптурную кампазіцыю "Смага", плошчу Цырыманіялаў, манументальныя пліты з пахаваннямі загінулых, тэрасы-трыбуны, руіны і ўцалелыя збудаванні крэпасці, музей.
Кампазіцыйны цэнтр ансамбля - манумент "Мужнасць" - абагульнены вобраз воіна-пераможцы і сцяга. Скульптура складаецца з 200 частак (пры лінейных памерах у плане да 54 м, вышыня больш за 30 м).
100-метровы штык-абеліск - сімвал воінскай славы, звязаны з асноўным манументам "Мужнасць" трыма радамі надмагільных пліт.
У Цытадэлі, на левым беразе ракі Мухавец, размешчана скульптурная кампазіцыя "Смага" - фігура салдата, які паўзе да вады з каскай у руцэ. Адна з драматычных старонак абароны Брэсцкай крэпасці - вострая няхватка вады.
Крыніцы: мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", адкрытыя крыніцы.