Сцяг Нядзеля, 5 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 красавіка 2024, 16:33

Лукашэнка звярнуўся да людзей за падтрымкай у барацьбе з пагрозамі тэрарызму і экстрэмізму

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, старшыня VII УНС Аляксандр Лукашэнка звярнуўся на пасяджэнні да людзей за падтрымкай у барацьбе з пагрозамі тэрарызму і экстрэмізму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да жыхароў гарадоў і вёсак Беларусі: "Глядзіце вакол сябе, інфармуйце нас па любой прычыне. Нам пакуль удаецца процістаяць усяму таму, аб чым тут гаварыў старшыня камітэта (старшыня КДБ Іван Тэртэль. -  Заўвага БЕЛТА). Паверце, задзейнічаюцца каласальныя рэсурсы: міліцыя, чэкісты, часткова ваенныя... Мы задзейнічаем вялізныя рэсурсы, каб стрымаць, асабліва дыверсантаў, якія перакідваюцца праз нашу граніцу", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Як падкрэсліў Прэзідэнт, контрразведчыкам і міліцыі ўдаецца своечасова выяўляць і нейтралізаваць дыверсантаў. "Але ўявіце, гэта ж сотні (кілаграмаў. - Заўвага БЕЛТА) узрыўчаткі, нават не трацілу, а пластыду", - заўважыў ён.

Процістаяць гэтаму на ўсе 100 працэнтаў немагчыма, і без дапамогі людзей, радавых грамадзян, з гэтым злом дакладна не справіцца, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Многія аперацыі мы праводзілі дзякуючы падтрымцы людзей, яны нам дапамагалі. Дзесьці кагосьці ўбачылі, падказалі, і мы гэтых мярзотнікаў хутка знаходзілі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі будуць прадаўжацца, бо, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, да гэтага мэтанакіравана падштурхоўваюць збеглых, якія знаходзяцца за мяжой. Як заявіў Прэзідэнт, яны выязджалі з краіны з разлікам, што будуць за мяжой жыць багата: "Уцякалі ж у асноўным не бедныя. Тут прывыклі на добрай рабоце працаваць. А там... Хочаце - посуд мыйце, яшчэ чагосьці там. Не кожны атрымліваў работу. Што рабіць? Вельмі хутка спецслужбы (замежных дзяржаў. - Заўвага БЕЛТА) падказалі: "Ружжо бярыце, трэніруйцеся, пранікайце ў Беларусь, Расію і падрывайце. Грошы на гэта дадзім". Гэтак жа яны фінансуюць і інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, асабліва супраць Прэзідэнта, супрацоўнікаў сілавога блока.  

"Але галоўнае - гэта ўзброеная барацьба", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Напрыклад, выношваюцца планы па захопе якога-небудзь невялікага населенага пункта ў Беларусі, і ў сувязі з гэтым часта называецца Кобрынскі раён.

"Ваяваць, учыняць інтэрвенцыю яны самі (заходнія заказчыкі. - Заўвага БЕЛТА) не хочуць. Яны наперад запусцяць "дэмакратычныя сілы", якія будуць Беларусь "вызваляць ад дыктатуры". Там ад "дэмакратыі" нічога не засталося, гэта здраднікі і бандыты. Другой шарэнгай будуць ісці войскі НАТА. Мы гэта добра разумеем", - расказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, менавіта пад выкананне такіх задач за мяжой ствараюцца "беларускі добраахвотніцкі корпус", полк Каліноўскага, харугвы і іншае.  

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы згадаў пра атаку на Белгародскую вобласць Расіі. Некаторыя сцвярджаюць, што яна была ўчынена не ўкраінскімі сіламі, а рускім добраахвотніцкім корпусам сумесна з байцамі беларускага добраахвотніцкага корпуса.

"А тое, што там тысячы былі суперпадрыхтаваных дыверсантаў і штурмавікоў ГУР (Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны. - Заўвага БЕЛТА), - яны аб гэтым не гавораць. Так, там былі беларускія добраахвотнікі, чачэнцы, грузіны і многія іншыя - наёмнікі. Але пераважная большасць - гэта падрыхтаваныя ваенныя Украіны, - сказаў Прэзідэнт. - Але кажуць: "Гэта не мы. Гэта вашы там ішлі, каб вызваліць Расію ад Пуціна, чытай: Беларусь ад Лукашэнкі".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што падобная тактыка выкарыстоўвалася і ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі на беларускіх землях фашысты не самі ўчынялі жудасныя злачынствы і праводзілі карныя аперацыі, а выкарыстоўвалі для гэтага прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. "Брудную работу будуць праводзіць (прынамсі, пачынаць) нашы "добраахвотнікі". А далей - ідзі разбярыся", - адзначыў Прэзідэнт.

Асобны акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на неабходнасці ўзмацніць інфармацыйную бяспеку ў краіне: "Звярніце ўвагу на кібератакі. Многае ў іх (тых, хто ўчыняе такія атакі. - Заўвага БЕЛТА) атрымліваецца, таму што мы абуральна, халатна ставімся да работы з рознымі сістэмамі, камп'ютарамі, гэтак далей. Некаторыя нават па два-тры гады пароль не мяняюць у сваіх сетках і камп'ютарах. За гэта ўжо трэба несці крымінальную адказнасць. І хтосьці будзе несці. Не можаце працаваць у сетках, камп'ютарах - бярыце паперу і пішыце, як гэта было калісьці раней".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі