Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 лістапада 2025, 17:47

Пастаўкі камплектуючых для камбайнаў. "Гомсельмаш" плануе развіваць партнёрства з "Растсельмашам"

27 лістапада, Растоў-на-Доне /Кар. БЕЛТА/. "Гомсельмаш" плануе развіваць партнёрства з расійскім "Растсельмашам". Аб гэтым паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар "Гомсельмаша" Віталь Шэлег, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога сёння наведвае Растоў-на-Доне. У цэнтры ўвагі - эканамічны парадак дня, супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх прамысловых прадпрыемстваў. Важны пункт праграмы - наведванне "Растсельмаша". Беларуская дэлегацыя пабывала на заводзе трансмісій і мастоў, камбайнавым і трактарным заводах.

"Растсельмаш" працуе больш як з 50 беларускімі прадпрыемствамі. Наладжана сумесная работа па імпартазамяшчэнні. За пяць гадоў на завод пастаўлена Беларуссю кампанентаў і запасных частак на суму большую за 8 млрд расійскіх рублёў. Вядуцца і пастаўкі ў Беларусь, расійскае прадпрыемства зацікаўлена ў іх павелічэнні.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі нагадаў, што тры гады таму дзякуючы палітычнаму рашэнню кіраўнікоў дзяржаў за лічаныя тыдні была наладжана звязка "Гомсельмаш" і "Растсельмаш", кааперацыя паміж вытворцамі дзвюх краін. "Нядаўна ў Беларусі была вялікая дэлегацыя Растоўскай вобласці, губернатар сустракаўся з Прэзідэнтам. Кіраўнік дзяржавы сказаў мне, каб наша дэлегацыя абавязкова наведала "Растсельмаш". Наш Прэзідэнт лічыць, што супрацоўніцтва павінна пашырацца, - падкрэсліў Дзмітрый Крутой. - Акрамя таго, улічваючы, што ў вас з'явіўся вялікі трактарны сегмент, магчыма, трэба больш актыўна супрацоўнічаць з МТЗ".

Беларускі "Гомсельмаш" нацэлены на развіццё стратэгічнага партнёрства з расійскім "Растсельмашам". "У нас ёсць інтэграцыйны праект у рамках Саюзнай дзяржавы. Мы рэалізоўвалі інвестыцыйны бізнес-план. Ёсць магутнасці, якія створаны пад гэты праект, каб вырабляць камплектуючыя не толькі для беларускіх камбайнаў, але і для "Растсельмаша". У выпадку атрымання заяўкі мы гатовы пачаць выпуск гэтай прадукцыі. У нас ёсць раней дасягнутыя дамоўленасці, але на гэты час яны крыху на паўзе. Сёння хацеў бы ўзняць гэта пытанне на сустрэчы і абмеркаваць далейшыя перспекывы. Спадзяёмся пастаўляць у наступным годзе камплектуючыя на канвеер "Растсельмаша". Уся інфраструктура гатова, трэба толькі націснуць кнопку play", - сказаў Віталь Шэлег.

Ён звярнуў увагу, што на расійскім рынку адзначаецца зніжэнне попыту на камбайны. "Сітуацыя ў цэлым складаная, але кіруемая. У доўгатэрміновай перспектыве мы чакаем, што будзе рост. Ахаладжэнне нашага сегмента бізнесу доўга доўжыцца не можа. Бізнес крыху змяніўся. Раней кліенты прыходзілі да нас, цяпер нам даводзіцца працаваць не толькі праз дылерскую сетку, але і непасрэдна з кліентамі. На сустрэчы з "Растсельмашам" цікава пачуць ад іх ацэнку стану нашага бізнесу ў цэлым, як яны збіраюцца пераадольваць складаныя моманты, з чым заканчваць 2025 год і выходзіць у 2026-ы", - абазначыў гендырэктар "Гомсельмаша".

Намеснік міністра прамысловасці і энергетыкі Растоўскай вобласці Віктар Кваснікаў падкрэсліў, што ёмістасць і патрэбнасць расійскага рынку ў сельгастэхніцы высокая. "Але з улікам магчымасцей сельгасвытворцаў цяпер мае месца адкладзены попыт. Усе меры дзяржаўнай падтрымкі накіраваны на тое, каб гэты попыт у расійскіх сельгасвытворцаў аднавіць. Што датычыцца кааперацыі з беларускімі прадпрыемствамі, яны пастаўляюць камплектуючыя на "Растсельмаш", гэтыя сувязі гістарычна склаліся. З боку "Растсельмаша" даволі высокі працэнт закупкі беларускіх камплектуючых", - сказаў ён.

Міністр эканамічнага развіцця Растоўскай вобласці Павел Паўлаў таксама зрабіў акцэнт на адкладзеным попыце ў прамысловасці і адзначыў, што трэба рыхтавацца да таго, што рынак зноў будзе расці. "У нас Саюзная дзяржава, трэба працаваць разам. Мы моцныя і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці. Нашы прадпрыемствы, у тым ліку "Гомсельмаш" і "Растсельмаш", шукаюць агульную мову, агульныя падыходы, каб разам процістаяць напору іншых краін на гэтым рынку, таму што рынак вельмі канкурэнтны, разам прасцей яго заваёўваць. Ёсць у нас узаемадзеянне і ў трактарнай вытворчасці", - звярнуў увагу Павел Паўлаў.

Першы намеснік генеральнага дырэктара - дырэктар цэнтра продажаў, маркетынгу і сэрвісу кампаніі "Растсельмаш" Аляксей Швяйцоў падзяліўся планамі па развіцці партнёрства з беларускімі прадпрыемствамі. "Мы вырашылі абмяняцца вопытам і магчымасцямі сумеснай вытворчасці. Канструктары, тэхналагічныя службы, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне падключаны да гэтай работы. Мы чакаем максімальнага развіцця сумеснай вытворчасці ў плане канструктарскіх распрацовак і інавацый. Мы ведаем, што ў Беларусі свая высокатэхналагічная база, нам ёсць над чым папрацаваць сумесна", - сказаў ён. Акрамя таго, "Растсельмаш" зацікаўлены ў пастаўках у Беларусь высокапрадукцыйных камбайнаў і трактароў з лінейкі, якая не вырабляецца ў нашай краіне.

"Растсельмаш" уваходзіць у лік буйнейшых распрацоўшчыкаў і вытворцаў спецыялізаванай тэхнікі. Кампанія мае ўласны цэнтр інавацый, эксперыментальную базу, сучасную вытворчасць поўнага тэхналагічнага цыкла.

Пад уласным брэндам "Растсельмаш" выпускае шырокі мадэльны рад машын і абсталявання для сельскагаспадарчых аперацый - ад падрыхтоўкі глебы да першаснай перапрацоўкі збожжа.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі