Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 снежня 2022, 09:21

Пархамовіч: кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай у гэтым годзе на 20 працэнтаў ніжэйшы за сярэднюю зарплату

12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай у бягучым годзе на 20 працэнтаў ніжэйшы за сярэднюю зарплату. Аб гэтым заявіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"Па выніках бягучага года каэфіцыент суадносін кошту квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай і сярэдняй заработнай платы ў цэлым па краіне складзе 0,8. Гэта сведчыць аб тым, што сярэдняя зарплата на 20 працэнтаў вышэйшая, чым 1 кв.м жылля. Думаю, такі ж трэнд захаваецца і на будучы год", - сказаў Руслан Пархамовіч.

На бягучы год была пастаўлена задача ўвесці ў Беларусі 4,2 млн кв.м жылля, у тым ліку 1,2 млн кв.м з дзяржпадтрымкай. "Па стане на гэты час мы выканалі больш за 85 працэнтаў агульнага ўводу жылля і звыш 90 працэнтаў жылля з дзяржпадтрымкай. Планы, якія абазначаны ў дзяржаўнай праграме, будуць рэалізаваны. Шэраг абласцей ужо выканалі даведзеныя паказчыкі па дзяржпадтрымцы. Брэсцкая вобласць ужо на 30 працэнтаў апярэдзіла даведзены план, Мінск - на 10 працэнтаў, Мінская вобласць таксама ўжо выканала заданне", - падвёў вынікі міністр.

У наступным годзе ў адпаведнасці з дзяржпраграмай трэба пабудаваць 4,3 млн кв.м жылля, у тым ліку 1,3 млн кв.м з дзяржпадтрымкай. "Таму мы крыху павялічым удзельную вагу дзяржпадтрымкі ў агульным уводзе. Сёння яна складае каля 27 працэнтаў, а ў наступным годзе перасягне 30 працэнтаў", - дадаў Руслан Пархамовіч.

Што датычыцца шматдзетных, то план па забеспячэнні кватэрамі на бягучы год выкананы, пабудавана жылля для больш як 8,5 тыс. такіх сем'яў пры даведзеным плане 8,3 тыс. "Такім чынам, планы выконваюцца з апярэджаннем. Больш таго, мы плануем у наступным годзе забяспечыць жыллём 9,3 тыс. шматдзетных сем'яў. Патрэбнасць у жыллі для шматдзетных павялічваецца, і мы іх забяспечым. Тым больш у Дырэктыве нумар 8 абазначана задача накіроўваць іх на працягу года на будаўніцтва жылля", - звярнуў увагу міністр.

На высокім узроўні і будаўніцтва індывідуальнага жылля. "Людзі прадаўжаюць будаваць шмат для сябе. 46 працэнтаў ад усяго пабудаванага жылля - гэта якраз індывідуальнае жыллё (пры даведзеным узроўні 40 працэнтаў). Улічваючы тое, што ў актыўную стадыю ўступілі тэрміны выканання ўказа нумар 253 па будаўнічай амністыі і з 1 студзеня пачне працаваць указ нумар 202 па спрошчаным будаўніцтве, думаю, будзе дадзены яшчэ вялікі штуршок для таго, каб людзі актыўна будавалі індывідуальнае жыллё", - лічыць Руслан Пархамовіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі