Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
14 студзеня 2013, 17:08

У Беларусі зацверджаны пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржустаноў сацабслугоўвання

У Беларусі зацверджаны пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання з нормамі і нарматывамі забяспечанасці грамадзян гэтымі паслугамі. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 27 снежня 2012 года нумар 1218, якая 11 студзеня бягучага года афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі. Пастанова ўрада распрацавана ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй закона "Аб сацыяльным абслугоўванні", якая ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2013 года. Яна накіравана на павышэнне даступнасці і якасці сацабслугоўвання шляхам пашырэння відаў бясплатных і агульнадаступных сацпаслуг, што прадастаўляюцца людзям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Рэалізацыі пастановы дасць магчымасць перавесці дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне сацыяльнага абслугоўвання на больш высокі ўзровень, укараніць інавацыйныя віды сацпаслуг, павысіць ступень інтэграванасці інвалідаў у сацыяльнае асяроддзе і працоўную дзейнасць.


Практычна кожны чацвёрты жыхар Беларусі - пажылы чалавек (амаль 25 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва). У рэспубліцы налічваецца больш за 129 тыс. адзінокіх і 580 тыс. адзінока пражываючых пажылых людзей, больш як 515 тыс. інвалідаў, у тым ліку амаль 26 тыс. дзяцей-інвалідаў. Большасць з іх маюць патрэбу ў прадастаўленні сацыяльнага абслугоўвання і (або) сацыяльных паслуг.


Рэалізацыя сацыяльнай палітыкі адносна пажылых людзей і інвалідаў (асабліва ў вёсцы, дзе запатрабаванасць розных відаў сацпаслуг пастаянна расце) патрабуе прыняцця спецыяльных мер. У сістэме органаў па працы, занятасці і сацабароне створана сістэма дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання. Яна ўключае 77 дамоў-інтэрнатаў (45 псіханеўралагічных, 22 - для састарэлых і інвалідаў, 10 - для дзяцей-інвалідаў), 3 спецыяльныя дамы для састарэлых і інвалідаў, 149 тэрытарыльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання (ТЦСАН), 2 цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей. Акрамя таго, паслугі прадастаўляюцца сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі і цэнтрамі карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (функцыянуюць у сістэме Міністэрства адукацыі).


Начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыя Гарбацэвіч падкрэсліла, што пастановай нумар 1218 упершыню вызначаны пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг, якія аказваюцца дамамі-інтэрнатамі, з нормамі і нарматывамі забяспечанасці грамадзян гэтымі паслугамі.


"Фактычна вызначаны сацыяльны стандарт у прадастаўленні розных паслуг, - сказала субяседніца. - Вызначаны сацыяльна-бытавыя (13 відаў і мноства падвідаў), сацыяльна-медыцынскія (15), сацыяльна-педагагічныя (4), сацыяльна-пасрэдніцкія (13), сацыяльна-рэабілітацыйныя (7), кансультацыйна-інфармацыйныя (2) і іншыя. Пералік аказваемых паслуг вельмі шырокі, ахоплівае літаральна ўсё неабходнае для нармальнай жыццядзейнасці чалавека ў залежнасці ад яго стану здароўя і індывідуальных асаблівасцей, а таксама тыпу сацустановы. Напрыклад, вызначана, што асобе, якая пражывае ў доме-інтэрнаце, стрыжка прадастаўляецца адзін раз у месяц (калі чалавек хоча атрымліваць гэту паслугу часцей, то яна будзе платная), стрыжка ногцяў будзе праводзіцца 1 раз у тыдзень, галенне барады і вусоў - 2 разы ў тыдзень і інш.". Трэба адзначыць, што была праведзена маштабная падрыхтоўчая работа па рэгламентацыі паслуг, якія аказваюцца дамамі-інтэрнатамі ўсіх тыпаў, у тым ліку з прыцягненнем спецыялістаў НДІ працы.


Сярод інавацыйныя відаў сацыяльных паслуг - паслугі сацыяльнай перадышкі, якія аказваюцца дамамі-інтэрнатамі для дзяцей-інвалідаў. Размова ідзе аб вызваленні бацькоў, членаў сям'і ад догляду дзіцяці-інваліда на перыяд да 28 сутак у мэтах прадастаўлення ім магчымасці для аднаўлення сіл, вырашэння сямейна-бытавых пытанняў.


Асаблівая ўвага ўдзелена новай паслузе - суправаджальнага пражывання інвалідаў. У дамах-інтэрнатах Беларусі створаць адпаведныя аддзяленні. У іх з дапамогай спецыялстаў інваліды будуць набываць навыкі, якія дадуць магчымасць ім у далейшым жыць па-за інтэрнатам, весці сваю дамашнюю гаспадарку і працаваць на рабочым месцы ў адпаведнасці са свамі магчымасцямі. Пражыванне ў такім аддзяленні інвалідаў І і ІІ групы, дзяцей-інвалідаў, якія знаходзяцца на агульным рэжыме, прадугледжваецца на перыяд не большы за 3 гады. Таксама рэгламентаваны ўмовы суправаджальнага пражывання для інвалідаў І і ІІ групы, якія захавалі поўную або частковую здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння, раней пражывалі ў дамах-інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў, дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў.


Начальнік аддзела развіцця і каардынацыі сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Міністэрства працы і сацабароны Таццяна Фёдарава праінфармавала, што пералік паслуг, якія аказваюцца тэрытарыльяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН), быў і раней, але цяпер ён пашыраны. У гэтым пералік таксама ўключана прадастаўленне інвалідам паслуг суправаджальнага пражывання. Да іх належыць паслуга памочніка па суправаджэнню інваліда І групы з абмежаванай здольнасцю да перамяшчэння, якая будзе прадастаўляцца ў дзённы час не больш як 20 гадзін у месяц у адпаведнасці з рэкамендацыямі МРЭК або заключэннем УКК. Навацыяй з'яўляецца і паслуга асістэнта інваліда І групы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (для адзінокіх і адзінока пражываючых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця). Нарматыў гэтай паслугі - у дзённы час не больш за 30 гадзін у месяц у адпаведнасці з рэкамендацыямі МРЭК або заключэннем УКК. Што датычыцца паслуг перакладчыка мовы жэстаў для інвалідаў з парушэннямі слыху, то бясплатна яны будуць аказвацца ў дзённы час не больш за 36 гадзін у год. А суправаджэнне асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пры неабходнасці будзе ажыццяўляцца да дасягнення імі ўзросту 23 гадоў.


Такім чынам, паслуга суправаджальнага пражывання будзе аказвацца і ў дамах-інтэрнатах, і ў ТЦСАН.


Акрамя таго, пашыраны катэгорыі атрымальнікаў паслугі няні. У іх лік уключаны сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Такім сем'ям упершыню будуць прадастаўляцца паслугі па кароткачасоваму вызваленню бацькоў ад догляду дзіцяці - у дзённы час па рабочых днях не больш за 4 гадзіны ў тыдзень. Акрамя таго, у якасці сацыяльнага стандарту вызначана дапамога няпоўным сем'ям у доглядзе дзіцяці-інваліда - у дзённы час па рабочых днях не больш за 20 гадзін у тыдзень да дасягнення дзіцем узросту 4 гадоў. Рэгламентаваны нормы прадастаўлення паслуг няні сем'ям, у якіх нарадзіліся двайняты, трайняты і больш дзяцей. Так, калі ў сям'і двайняты, то дапамога ў доглядзе будзе прадастаўляцца не больш за 12 гадзін у тыдзень да дасягнення дзецьмі ўзросту 3 гадоў. Пры нараджэнні трайнят і больш дзяцей нарматыў складае да 40 гадзін у тыдзень.


Прадастаўленне тэрытарыяльнымі цэнтрамі паслуг няні для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, паслуг памочніка па суправаджэнню інвалідам I групы з абмежаванай здольнасцю да перамяшчэння, паслуг асістэнта інвалідам I групы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця створыць дадатковыя ўмовы для пражывання гэтых катэгорый у дамашніх умовах - па-за сценамі дамоў-інтэрнатаў.


Пастановай упершыню вызначаны пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг, што аказваюцца цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей, з нормамі і нарматывамі забяспечанасці грамадзян гэтымі паслугамі.


Цяпер Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны распрацоўваецца парадак і ўмовы аказання сацыяльных паслуг, а таксама формы дагавораў, Міністэрствам аховы здароўя - парадак аказання сацыяльна-медыцынскіх паслуг.


Алена ПРУС

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі