Сцяг Панядзелак, 13 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
07 лютага 2013, 16:27

Сістэма падрыхтоўкі вадзіцеляў у Беларусі будзе ўдасканалена

Мінтранс Беларусі сумесна з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання ў адпаведнасці з даручэннем урада распрацаваў комплекс мер па ўдасканаленню сістэмы падрыхтоўкі вадзіцеляў аўтамабіляў. Неабходнасць гэтага кроку відавочная. Хоць у рэспубліцы дзейнічаюць зацверджаныя праграмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў, у транспартнае ведамства рэгулярна паступаюць звароты з прапановамі аб пашырэнні або скасаванні некаторых пунктаў. У Мінтрансе запэўніваюць, што пры абгрунтаванасці такіх заўваг будуць уносіцца карэкціроўкі. Напрыклад, абавязкова павінна адбыцца ўнясенне змяненняў адносна навучання інвалідаў, з чым сёння ў краіне існуюць пэўныя складанасці.

У Беларусі на пачатку 2013 года рыхтуюць і павышаюць кваліфікацыю вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў 512 навучальных арганізацый. У параўнанні з 2011 годам іх колькасць узрасла на 1,1 працэнта. У цэлым аўташколы раўнамерна размеркаваны па тэрыторыі рэспублікі і цалкам задавольваюць патрэбы насельніцтва ў адпаведных паслугах, пры тым, што ў 2006 годзе яны адсутнічалі ў 14 раёнах краіны. Органамі па сертыфікацыі падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі аўтавадзіцеляў у рэспубліцы з'яўляюцца УП "Белтэхагляд" і Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі (БелДІМ). За 2012 год эксперты-аўдытары УП "Белтэхагляд" правялі больш за 460 сертыфікацыйных праверак аўташкол.

Як пракаменціраваў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ўпраўлення інавацый, навукова-тэхнічнай дзейнасці і транспартнай бяспекі Міністэрства транспарту і камунікацый Павел Брачко, да сістэмы падрыхтоўкі будуць прад'яўляцца новыя патрабаванні адносна прадастаўлення паслуг навучання вадзіцеляў у цэлым, а таксама, у прыватнасці, закрануць падыходы па тэхнічнаму аснашчэнню аўташкол і правядзенню падагульняючых экзаменаў. Распрацаваны комплекс мер прадугледжвае ўнясенне змяненняў у шэраг нарматыўных прававых актаў, якія ўстанаўліваюць такія патрабаванні. Для гэтага створана рабочая група, у якую ўключаны прадстаўнікі аўташкол, грамадскіх аб'яднанняў і асацыяцый, органаў па сертыфікацыі адпаведных паслуг, а таксама дзяржаўнага кіравання.

Змяненні не будуць уносіцца спантанна, паколькі трэба ўлічваць меркаванне тых міністэрстваў і структур, у чыім веданні знаходзяцца арганізацыі па навучанню ваджэнню. Дарэчы, найбольшая колькасць аўташкол падведамна Міністэрству адукацыі (34,9 працэнта), РДГА "ДТСААФ" (17,8 працэнта), Мінтрансу (6,7 працэнта), Мінсельгасхарчу (5,9 працэнта), 27,9 працэнта аўташкол маюць недзяржаўную форму ўласнасці.

"Быў такі прэцэдэнт: пасля прыняцця рашэння аб паляпшэнні пакрыцця аўтадромаў Мінадукацыі, якое мае значную колькасць падведамных аўташкол, заявіла, што яго ўстановы, якiя фiнансуюцца з бюджэту, не маюць магчымасці хутка рэалізаваць задуманае, паколькі патрэбныя сродкі трэба прадугледжваць загадзя", - расказаў Павел Брачко. У выніку ў Мінтрансе прыйшлі да высновы, што ўступленне ў дзеянне рашэння аб ўдасканаленні пакрыцця неабходна аднесці на больш позні тэрмін. Цяпер гэтыя і іншыя пытанні прадстаўнікі транспартнага ведамства абмяркоўваюць сумесна. "Не будзе рэзкіх змяненняў, скажам, на працягу 20 дзён", - адзначыў прадстаўнік Мінтранса. Аўташколам будзе дадзена адтэрміноўка на паўгода або нават на год у залежнасці ад патрабаванняў па перааснашчэнню, каб усім даць магчымасць арганізаваць дзейнасць згодна з новымі патрабаваннямі заканадаўства.

Разам з тым непасрэдна нарматворчы працэс можа быць паскораны. Так, спецыялісты зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў у рамках рабочай групы павінны разгледзець магчымасць класіфікацыі праграм навучання, якія зацвярджае Мінтранс, да тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія не адносяцца да сферы тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі. Іх тэкст ёмісты, і пасля ўнясення неабходных змяненняў дакументы неабходна прадстаўляць у Мінюст для правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы, на што патрабуецца працяглы час. Гэтага можна будзе пазбегнуць пры станоўчай ацэнцы прапановы.

Калі гаварыць аб новаўвядзеннях, то цяпер у Беларусі разглядаецца пытанне аб прымяненні кантролю за практычным навучаннем ваджэнню з выкарыстаннем сістэм глабальнага пазіцыянавання (GPS). "Трэба будзе вырашыць, хто будзе гэтым займацца і ці аддаваць паўнамоцтвы аўташколам, паколькі адны стануць кантраляваць працэс, другія - не", - выказаў меркаванне Павел Брачко. Як варыянт, можа быць уведзена адзінае сертыфікацыйнае патрабаванне аб аснашчэнні ўсіх вучэбных аўтамабіляў навігацыйным абсталяваннем. Толькі тады тая ці іншая аўташкола атрымае права займацца падрыхтоўкай будучых вадзіцеляў.

Плануецца таксама дэталізаваць кваліфікацыйныя патрабаванні да майстроў вытворчага навучання: хто можа да такіх адносіцца, а таксама як часта гэтыя спецыялісты павінны павышаць сваю кваліфікацыю.

Немалаважнай з'яўляецца экзаменацыйная тэма. Цяпер дзейнічае Інструкцыя аб парадку прыёму кваліфікацыйных экзаменаў на права кіравання аўтамабілем у адпаведнасці з пастановай МУС. Аднак з боку Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры паступалі прапановы аб неабходнасці яе перапрацоўкі. Акрамя таго, мяркуецца разгледзець пытанне аб увядзенні норм, якія абмяжоўваюць колькасць спроб здачы практычнай часткі кваліфікацыйнага экзамену. "Каб чалавек не здаваў практыку бясконца, будзе вызначана колькасць спроб, пры перавышэнні якой спатрэбіцца праходжанне дадатковага навучання", - растлумачыў Павел Брачко. Рабочая група абмяркуе гэтыя тэмы.

Вядома, што аўташколы неаднаразова звярталіся ў Мінтранс з просьбай аб павелічэнні колькасці практычных гадзін ваджэння. Прадстаўнікі транспартнага ведамства ў цэлым не супраць, аднак гэта пытанне замацавана ва ўказе нумар 551 "Аб мерах па павышэнню бяспекі дарожнага руху", якім зацверджаны Правілы дарожнага руху. Згодна з пунктам 2.1 указа, жадаючых стаць вадзіцелямі аўтамабіляў катэгорыі "B" павінны вучыць не менш чым на працягу трох месяцаў па 220-гадзіннай праграме, якая ўключае 40 гадзін практычнага навучання. Каб павялічыць гэту норму, трэба ўнесці змяненні ва ўказ, што зойме нямала часу. Павел Брачко таксама падкрэсліў, што самі грамадзяне павінны быць знаёмы з гэтымі правіламі і праяўляць пільнасць. "Абавязкова трэба звяртаць увагу на тое, пад чым вы падпісваецеся: часта людзі ў зваротах адзначаюць, што практыкаваліся на аўтамабілі тройчы, а пры праверцы мы бачым іх подпісы на дакументах, якія сведчаць аб значна большай колькасці гадзін", - заўважыў ён.

Падводзячы вынік, начальнік аддзела падкрэсліў, што рэалізацыя комплексу мер па ўдасканаленню сістэмы падрыхтоўкі вадзіцеляў у 2013 годзе дасць магчымасць стварыць больш спрыяльныя ўмовы для аказання насельніцтву паслуг навучання, павышэння іх якасці і, як вынік, забяспечыць бяспеку дарожнага руху.

Паводле даных Міністэрства транспарту і камунікацый, за 2012 год падрыхтавана каля 179,7 тыс. вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў розных катэгорый, што на 0,6 працэнта больш, чым у папярэднім годзе. З іх 129,3 тыс. чалавек (71,8 працэнта ад агульнай колькасці) складаюць вадзіцелі катэгорыі "В". Па выніках мінулага года адзначаны рост колькасці падрыхтаваных аўтамабілістаў у Брэсцкай (на 13,6 працэнта), Гродзенскай (на 6,1 працэнта), Віцебскай (на 4,4 працэнта), Магілёўскай (на 1,9 працэнта) і Мінскай (на 1 працэнт) абласцях. У той жа час зафіксавана зніжэнне колькасці абучаных вадзіцеляў у Мінску (на 8,5 працэнта) і Гомельскай вобласці (на 8,3 працэнта).

Таццяна ІВАНЮК
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі