Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
13 чэрвеня 2012, 18:22

Развіццё атамнай энергетыкі немагчыма без адкрытага дыялога з грамадствам

ГОД ПАСЛЯ ФУКУСІМЫ


Год пасля аварыі на японскай АЭС стаў перыядам асэнсавання будучага атамнай энергетыкі. Прыняўшы пад увагу ўрокі "Фукусімы-1", адны краіны пайшлі па шляху згортвання праграм будаўніцтва АЭС, іншыя прадоўжылі рэалізацыю планаў па развіццю ядзернай энергетыкі. Прыхільнікаў другога варыянту аказалася намнога больш. Аб гэтым сведчыць і тое, што партфель замежных заказаў буйнейшай карпарацыі па будаўніцтву атамных электрастанцый "Расатам" да канца 2011 года ў параўнанні з яго пачаткам вырас удвая. У цэлым, паводле прагнозаў МАГАТЭ, да 2030 года ў свеце можа быць пабудавана да 350 атамных энергаблокаў. Аб прычынах выбару на карысць ядзернай энергетыкі, неабходных мерах пасля аварыі на "Фукусіме" і перспектывах АЭС у параўнанні з альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі выказаліся прадстаўнікі розных краін уў час IV Міжнароднага форуму "Атамэкспа-2012" у Маскве.


БЕЛАРУСЬ: РАБОТА З ЛЮДЗЬМІ ДАЕ АДЧУВАЛЬНЫ ВЫНІК


Беларусь - краіна, якой давялося ўшчыльную сутыкнуцца з наступствамі ядзернай трагедыі яшчэ чвэрць стагоддзя таму. Чарнобыльская аварыя наклала свой негатыўны адбітак на адносіны беларусаў да атамнай энергетыкі. Разам з тым, час паказаў, што тэндэнцыі змяняюцца, адзначае міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц. "Атрыманы ў ходзе апытання вынік дае магчымасць пераканацца, што адносіны насельніцтва Беларусі да развіцця ядзернай энергетыкі, будаўніцтва АЭС маюць станоўчую дынаміку", - канстатуе міністр. Гэта стала магчымым дзякуючы вялікай растлумачальнай рабоце, якая праводзіцца ў краіне. "Людзі атрымліваюць адказы на хвалюючыя іх пытанні аб надзейнасці атамнай станцыі, эфектыўнасці работы эканомікі пасля таго, як будзе запушчана АЭС. Таксама насельніцтва пытае, якім чынам гэта паўплывае на навуковы патэнцыял краіны. Работа ідзе на высокім узроўні, і ад насцярожанасці людзі пераходзяць да разумення", - падкрэслівае ён.


На цяперашні момант АЭС з'яўляецца найбольш прывабнай для Беларусі крыніцай электраэнергіі з-за эканамічных і экалагічных фактараў. Разам з парагенерыруючымі блокамі яна павінна скласці базу, якая дасць магчымасць забяспечыць рэспубліку неабходнай колькасцю энергіі. Паводле слоў Аляксандра Азярца, у Беларусі таксама даволі глыбока прапрацавана магчымасць выкарыстання альтэрнатыўнай энергетыкі. Фактычна, разгледжаны ўсе аднаўляльныя крыніцы энергіі, уключаючы біямасу, гідрарэсурсы, энергію сонца і ветру. Вывучана практычная магчымасць выпрацоўкі энергіі з гэтых крыніц. На жаль, іх патэнцыял у Беларусі не такі вялікі, а затраты на 1 кВт пры рэалізацыі гэтых праектаў практычна ў два разы перавышаюць аналагічны паказчык па АЭС. "Таму гаварыць, што ў рэспубліцы альтэрнатыўнай энергіяй можна практычна замяніць атамную, нельга", - упэўнены міністр. Разам з тым, Беларусь зацікаўлена ў развіцці розных крыніц энергіі, паколькі гэта дае магчымасць зрабіць больш разнастайным спажыванне энергарэсурсаў і робіць яго больш збалансаваным.


З беларускім калегам згодна міністр энергетыкі ПАР Дзіпуо Петэрс. "Пакуль дарагоўля аднаўляльных крыніц ускладняе іх сур'ёзнае выкарыстанне ў энергетыцы краіны. Каб зрабіць магчымым шырокае выкарыстанне сонечнай і ветравой энергетыкі, патрэбна, як мінімум, арганізаваць вытворчасць абсталявання для гэтых генерыруючых магутнасцей. Але недзейнасць забеспячэння энергіяй ад такіх крыніц невысокая. Менавіта таму нам патрэбна ядзерная энергетыка. На пачатковым этапе будаўніцтва АЭС каштуе дорага, але эксплуатацыя іх танная, таму ў выніку атамная энергія атрымліваецца дастаткова недарагой", - сцвярджае яна.


ЯПОНІЯ: АТАМНЫЯ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ МАЮЦЬ ПАТРЭБУ Ў НЕЗАЛЕЖНЫМ КАНТРОЛІ


Пытанне павышэння бяспекі ядзернай энергетыкі і вяртанне даверу грамадства да мірнага атама сёння асабліва востра стаіць у Японіі, дзе пасля аварыі на "Фукусіме-1" спынены ўсе атамныя рэактары. У краіне ўжо прыйшлі да разумення неабходнасці аднаўлення работы хаця б часткі з іх, аднак аб развіцці ядзернай энергетыкі ў бліжэйшыя гады пакуль не можа быць і размовы, адзначае прэзідэнт Японскага атамнага прамысловага форуму Такуя Хаторы.


"Адным з наступстваў трагедыі на "Фукусіме" стала тое, што насельніцтва перастала давяраць атамнай энергетыцы. Таму ўся сістэма рэгулявання павінна быць накіравана на павышэнне бяспекі ядзернай энергетыкі. Павінна быць створана незалежная арганізацыя з даволі моцнай уладай, якая назірала б за эксплуатацыяй АЭС. Акрамя таго, мы павінны быць падсправаздачныя нашаму насельніцтву, міжнароднай супольнасці, каб аднавіць давер да ядзернай прамысловасці. Іншымі словамі, неабходна прадаставіць грамадству як можна больш інфармацыі, што дапаможа стасункам з людзьмі", - лічыць эксперт. Гэта доўгі працэс, ступеньчаты, паступовы, канстатуе ён. "Патрэбна пачаць з атрымання падтрымкі насельніцтва на перазапуск двух блокаў ужо гэтым летам. Самае важнае заключаецца ў тым, як будзе вырашана пытанне з "Фукусімай" у цэлым. Мы разлічваем, што на вырашэнне гэтага пытання спатрэбіцца 40 гадоў", - адзначае Такуя Хаторы.


У Японіі разглядаюцца розныя варыянты развіцця энергетыкі, вядуцца дэбаты наконт выкарыстання альтэрнатыўных крыніц электраэнергіі, абмяркоўваецца, якая будзе доля атамнай энергетыкі ў будучым. "Цяжка ўтрымаць той узровень укладу ядзернай энергетыкі ў агульную электраэнергетыку Японіі, які існаваў раней. Вельмі складана будзе будаваць якія-небудзь новыя аб'екты з выкарыстаннем атамнай энергетыкі ў краіне. У кароткатэрміновай перспектыве, у наступныя 10 гадоў, можа, будзе нават немагчыма будаваць у Японіі новыя АЭС", - канстатуе ён.


ТУРЦЫЯ І ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ: ЛЮДЗЯМ ТРЭБА ТЛУМАЧЫЦЬ ПЕРАВАГІ АЭС


Насельніцтва дзяржаў, дзе плануецца развіваць ядзерную энергетыку, трэба знаёміць не толькі з пытаннямі бяспекі АЭС, але і з перавагамі, якія нясе ў сабе мірны атам, упэўнены першы намеснік міністра энергетыкі і прыродных рэсурсаў Турцыі Мецін Кілджы. "Пасля "Фукусімы" мы захавалі ўсе нашы планы ў адносінах да будаўніцтва АЭС. Гэта неабходна, у першую чаргу, для забеспячэння энергетычнай бяспекі краіны. Разам з тым, з пункту гледжання прыняцця грамадствам атамнай энепргетыкі з'явіліся пэўныя праблемы. Многія страхі выкліканы недахопам інфармацыі аб "Фукусіме", некаторыя звязаны таксама са старымі ўспамінамі аб чарнобыльскай аварыі. Мы павінны змяніць гэту тэндэнцыю і вельмі дакладна растлумачыць насельніцтву нашы планы па будаўніцтву АЭС і іх перавагі. Спадзяюся, што мы справімся з гэтымі праблемамі, і ў гэтым не апошную ролю адыграе добрая работа АЭС "АКУЮ", - адзначае ён.


Паколькі Турцыя багата на аднаўляльныя крыніцы энергіі, вецер і сонца, водныя рэсурсы, ідзе работа над павышэннем эфектыўнасці іх выкарыстання, стварэннем заканадаўчых стымулаў для развіцця гэтых крыніц. Пакуль поспех абмежаваны, канстатуе чыноўнік. "Нават калі будзе дасягнуты нейкі прагрэс у тэхналогіі выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, я не думаю, што яны будуць здольны калі-небудзь поўнасцю выцесніць традыцыйныя энергакрыніцы. І гэта асноўная праблема забеспячэння глабальнага росту попыту на энергію без істотнага павелічэння выкіду парніковых газаў. Без ядзернай энергіі і іншых традыцыйных энергакрыніц нам не абысціся. Сёння ў Турцыі мы практычна не выкарыстоўваем аднаўляльныя крыніцы энергіі без субсідый, паколькі ў гэтым выпадку яны былі б нежыццяздольныя. Але мы спадзяёмся, што гэтыя субсідыі можна будзе паступова зніжаць", - гаворыць Мецін Кілджы.


Аб перавагах атамнай энергетыкі на практыцы ведаюць у Вялікабрытаніі, дзе гэты від энергіі выкарыстоўваецца ўжо больш за паўстагоддзя. "Першы камерцыйны рэактар быў пабудаваны ў Англіі, таму грамадскае меркаванне аб ядзернай энергетыцы ў нашай краіне дастаткова развіта. Чаму мы падтрымліваем атамную энергетыку? Па-першае, у нас моцны націск у адносінах зніжэння выкідаў парніковых газаў. Па-другое, гэта выклікана імкненнем да энерганезалежнасці і надзейнасці паставак энергарэсурсаў. А па-трэцяе, ядзерная энергетыка - гэта дадатковыя рабочыя месцы. Там, дзе ўжо існуюць дзеючыя атамныя энергаблокі, падтрымка мясцовай грамадскасці вельмі моцная, бо яна адчувае на сабе ўсе перавагі, якія дае высокааплатная работа", - сцвярджае прэзідэнт кампаніі Rolls-Royce Nuclear Лоры Хейнс.


РАСІЯ: У ЯДЗЕРНАЙ ЭНЕРГЕТЫКІ ВЯЛІКІ ПАТЭНЦЫЯЛ


На думку дырэктара Інстытута праблем бяспечнага развіцця атамнай энергетыкі Расійскай акадэміі навук Леаніда Бальшова, у ядзернай энергетыкі вялікі патэнцыял. Каб займаць лідзіруючае месца, яна павінна заставацца канкурэнтаздольнай. Пры гэтым бесперапынная работа з грамадствам з'яўляецца неад'емнай часткай існавання атамнай энергетыкі, упэўнены ён. "Патрэбна не заклінаць, не засмучацца, што публіка, не разумее, а пастаянна, інтэнсіўна, добрасумленна і з павагай працаваць з грамадствам, тлумачачы ўсе праблемы і ўсе перавагі атамнай энергетыкі", - лічыць расійскі вучоны.


Што датычыцца альтэрнатыўных крыніц энергіі, то тут трэба раздзяляць тыя рашэнні, якія прымаюцца на ўзроўні ўрада і вялікіх кампаній, і тыя, якія прымае спажывец, лічыць ён. "Калі размова ідзе пра вялікую энергетыку, на ўзроўні ўрадаў, вялікіх кампаній, то вопыт паказаў, што багатыя краіны могуць даць магчымасць сабе укладаць грошы ў субсідзіраванне альтэрнатыўных крыніц энергіі. Таму там, дзе падаткаплацельшчыкі з гэтым згодны, развіваецца альтэрнатыўная энергетыка. Што датычыцца выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі на ўзроўні спажыўца, то, напрыклад, я ўстанавіў у сябе на дачы сонечныя батарэі і цалкам гэтым задаволены. І гэта могуць сказаць многія людзі, якія выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі", - канстатуе Леанід Бальшоў.


Першы намеснік генеральнага дырэктара Дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксандр Лакшын упэўнены, што любая з існуючых крыніц генерацыі мае свае недахопы і вартасці. "Хутчэй за ўсё, кожны з гэтых спосабаў зойме сваю нішу ў агульным энергабалансе. Іншая справа, што велічыня іх, безумоўна, будзе змяняцца, і залежыць гэта ад многіх фактараў: не толькі ад таго, наколькі багатая краіна, але і яшчэ ад палітычных, сацыялагічных, экалагічных момантаў, суадносіны паміж базавай і пікавай нагрузкай", - лічыць ён.


Ганна КОТ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі