Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
17 кастрычніка 2012, 17:39

Дапамога па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў для маці-адзіночак не зменшыцца

У Беларусі ў 2013 годзе памеры дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў павысяцца для ўсіх катэгорый сем’яў, у тым ліку і для маці-адзіночак. Аб гэтым заявіла карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна.

Нагадаем, праект закона “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей” быў прыняты парламентарыямі ў першым чытанні 8 кастрычніка бягучага года. Ëн распрацаваны ў адпаведнасці з Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Праект закона прадугледжвае павышэнне дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў: яе памер будзе прывязаны не да бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ), а да сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў па краіне. Так, законапраектам прадугледжваюцца наступныя павышэнні памеру дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў: на першае дзіця – 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы ў рэспубліцы, на другое і наступных дзяцей – 40 працэнтаў, а на дзіця-інваліда – 45 працэнтаў. Чакаецца, што законапраект будзе прыняты ў другім чытанні і пройдзе праз усе іншыя неабходныя працэдуры ў бягучым годзе, а ў сілу ўступіць у 2013-м.

Міністр падкрэсліла, што праектам закона прадугледжваецца павелічэнне памеру дапамогі па догляду дзіцяці да трох гадоў для ўсіх катэгорый атрымальнікаў. Прычым памеры дапамогі для маці-адзіночак не зменшацца ў параўнанні з дзеючымі памерамі.

Яна растлумачыла, што цяпер у адпаведнасці з заканадаўствам жанчыне, якая адна выхоўвае дзіця ва ўзросце да 1,5 года, налічваецца надбаўка ў памеры 75 працэнтаў дапамогі, ва ўзросце ад 1,5 года да 3 гадоў – 40 працэнтаў. Так, у жніўні – кастрычніку бягучага года штомесячная дапамога па догляду дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў складала Br843 тыс. 870 (100 працэнтаў БПМ), з надбаўкай 75 працэнтаў – Br1 млн. 476 тыс. 770, з надбаўкай 40 працэнтаў – Br1 млн. 181 тыс. 420.

Паводле слоў міністра, меры па ўдасканаленню заканадаўства накіраваны перш за ўсё на павышэнне адраснасці аказваемай дапамогі. Ключавым крытэрыем для аказання асноўных відаў дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі з’яўляецца ўзровень даходаў сем’яў, а не катэгарыяльны прынцып. Няпоўным сем’ям, якія па аб’ектыўных прычынах маюць патрэбу ў дадатковай дапамозе, падтрымка будзе аказвацца праз сістэму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Дарэчы, сям’і адначасова могуць быць прадастаўлены розныя віды сацпадтрымкі ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі.

Міністр падкрэсліла, што пасля ўступлення ў сілу новага закона жанчыны будуць атрымліваць аднолькавую дапамогу па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў – незалежна ад таго, зарэгістраваны шлюб або не.

Такім чынам, рэзюмавала яна, “у корані няправільна гаварыць аб тым, што здымаюцца надбаўкі да дапамог для маці-адзіночак – размова ідзе аб змяненні парадку налічэння дапамог у цэлым”.

У Беларусі больш як 41 тыс. маці-адзіночак знаходзяцца ў водпуску па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, з іх амаль 19,7 тыс. маці-адзіночак выхоўваюць малышоў ва ўзросце да 1,5 года, 21,7 тыс. – ад 1,5 да 3 гадоў.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі