Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
09 лістапада 2012, 16:20

Беларускія банкі вучацца лічыць рублі

Сітуацыю з рублёвай ліквіднасцю беларускіх камбанкаў, што склалася ў верасні-кастрычніку, многія эксперты ацанілі як крызісную. Значны недахоп рублёў для бягучых аперацый ва ўмовах жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі рэгулятара выклікаў імклівы рост - з 20 працэнтаў да больш як 60 працэнтаў - ставак на рынку міжбанкаўскіх крэдытаў і праблемы з крэдытаваннем дзяржаўных праграм у некаторых буйных банкаў. Выкананне банкамі рэкамендацый Нацыянальнага банка прывяло да пэўнага паляпшэння сітуацыі. Канец кастрычніка і пачатак лістапада азнаменаваліся сур'ёзным зніжэннем працэнтных ставак на міжбанкаўскія крэдыты ў рублях, а апошнімі днямі і сапраўдным іх абвалам. Паводле апошніх даных, за 6 лістапада, сярэдняя стаўка на міжбанку па аднадзённых крэдытах, на таргах з рэзідэнтамі, рэзка знізілася да 32 працэнтаў гадавых з 40,8 працэнта на дзень раней. Такім чынам, стаўкі на міжбанку зблізіліся са стаўкай рэфінансавання Нацбанка - 30 працэнтаў гадавых. Мяркуючы па знешніх прыкметах, пік ставак на міжбанкаўскім рынку мінуў, канстатуюць эксперты. У далейшым усё будзе залежаць ад паводзін камбанкаў, разам з тым чакаць зніжэння ставак на міжбанку да ранейшых 19-20 працэнтаў наўрад ці варта, лічаць яны.


Адпаведны псіхалагічны і эканамічны пералом на міжбанкаўскім рынку наступіў, хоць пэўныя ваганні яшчэ магчымы, лічыць намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Дубкоў. Дзякуючы рыначным мерам з боку рэгулятара сітуацыя на міжбанкаўскім рынку стабілізавана, пры гэтым удалося абысціся без публічных адміністрацыйных мер. Цяпер ключавым фактарам з'яўляецца нават не пэўны лічбавы рад, а напрамак руху. Галоўнае - гэта збліжэнне ставак па дэпазітах і крэдытах са стаўкай рэфінансавання, канстатуе прадстаўнік Нацбанка.


Разам з тым створаная банкамі за кошт кароткатэрміновых рублёвых дэпазітаў пад высокія працэнты дарагая пасіўная база можа прывесці да дысбалансаў на рынку спажывецкіх крэдытаў, апасаюцца эксперты. Паколькі гэтыя грошы банкам трэба размясціць у не менш дарагія крэдыты. Імкнучыся максімальна кампенсаваць затрачаныя рэсурсы, банкі ў сярэднетэрміновай перспектыве могуць сутыкнуцца з ростам праблемнай запазычанасці з боку пазычальнікаў. Цяпер рэгулятар праводзіць штодзённы маніторынг, ацэньваючы як аб'ёмы выдаваемых крэдытаў, так і іх кошт. Пакуль сітуацыя ў банкаўскай сістэме не выклікае заклапочанасці. Да таго ж ужо ў бліжэйшы час стаўкі па дэпазітах у нацыянальнай валюце пачнуць зніжацца, прагназуе Сяргей Дубкоў. "Калі тэмпы прыросту спажывецкага крэдытавання будуць выходзіць за рамкі, якія мы цяпер вызначаем, зыходзячы з плацежаздольнасці насельніцтва, будзем прымяняць тыя ці іншыя меры рэгулюючага характару", - адзначае ён. У прыватнасці, можа разглядацца ўзмацненне патрабаванняў па фарміраванню банкамі рэзерваў і статутнага капіталу. "Рост праблемнай запазычанасці і негатыўны сацыяльны фон не патрэбны ні банкам, ні кліентам", - падкрэслівае Сяргей Дубкоў.


Падобная сітуацыя з дэфіцытам рублёвай ліквіднасці банкаў назіралася не так даўно, у снежні 2011 года - студзені 2012 года, канстатуе фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб. Тады стаўкі на міжбанкаўскім рынку дасягнулі свайго гістарычнага максімуму - 69 працэнтаў. Гэта адбылося пад уплывам рэзкага ўзмацнення грашова-крэдытнай палітыкі, якое пачаў Нацыянальны банк для пераадолення валютна-фінансавага крызісу. "Гэта адваротны, негатыўны бок жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, але без гэтага немагчыма стрымаць інфляцыю і дэвальвацыю", - тлумачыць эксперт. Дарэчы, дэфіцыт ліквіднасці на тым ці іншым адрэзку часу характэрны для банкаўскіх сістэм практычна ўсіх краін, у тым ліку і для бліжэйшых суседзяў Беларусі - Украіны і Расіі.


Тлумачачы ўзнікненне асенняга дэфіцыту рублёвай ліквіднасці беларускіх камбанкаў, Вадзім Іосуб называе адразу дзве перадумовы. Першая з іх, на думку эксперта, у тым, што камбанкі пераацанілі магчымы рост цаны замежнай валюты, які намеціўся ў сярэдзіне лета. Банкі накіравалі на яе закупку на біржы практычна ўсе наяўныя рублёвыя рэсурсы, разлічваючы ў далейшым зарабіць на значным росце курсаў замежнай валюты, якога не адбылося. Другая прычына заключаецца ў тым, што банкі актыўна нарошчвалі крэдытаванне эканомікі пад фіксаваную працэнтную стаўку, чакаючы зніжэння стаўкі рэфінансавання да 20-23 працэнтаў да канца года. "Пасля такой масавай выдачы крэдытаў і масавай куплі валюты рублёвая ліквіднасць у банкаў была вычарпана", - канстатуе эксперт. Акрамя таго, узнікненню дэфіцыту рублёвай ліквіднасці садзейнічаў адток укладаў у нацвалюце, які намеціўся ў банкаўскай сістэме Беларусі ў верасні. Сярод прычын дэфіцыту таксама павышэнне нарматываў рэзервавання па прыцягнутых банкамі сродкаў у замежнай валюце.


Звычайна, калі ў аднаго-двух банкаў узнікае праблема з рублёвай ліквіднасцю, патрэбную суму нацыянальнай валюты яны набываюць на міжбанкаўскім рынку ў іншых банкаў. Але паколькі без рублёвых рэсурсаў, праводзячы аднолькавую стратэгію, засталіся адначасова практычна ўсе банкі, стаўкі на рынку міжбанкаўскіх крэдытаў узляцелі з 20 працэнтаў у сярэдзіне верасня да больш як 60 працэнтаў у дваццатых чыслах кастрычніка. Разам з тым, маючы значныя запасы ў валюце, камбанкі не спяшаліся купляць за іх неабходныя ім рублі, чакаючы дапамогі з боку Нацбанка. У гэтых умовах некаторыя з буйных дзяржбанкаў былі вымушаны прыпыніць крэдытаванне ў рамках дзяржпраграм.


Нацыянальны банк у сваю чаргу заняў жорсткую пазіцыю, прадаставіўшы банкам самастойна несці адказнасць за прынятыя раней рашэнні, крэдытуючы іх у вельмі абмежаваных аб'ёмах, па высокай працэнтнай стаўцы і толькі на самыя неабходныя мэты, а менавіта  падатковыя і кліенцкія плацяжы. Разам з тым рэгулятар параіў банкам распрацаваць прывабныя ўмовы па банкаўскіх прадуктах, якія забяспечваюць прыток рублёвых зберажэнняў фізічных і юрыдычных асоб, а таксама скараціць крэдытную запазычанасць і быць уважлівымі пры выдачы новых крэдытаў. Акрамя таго, дзяржбанкам сумесна з органамі дзяржкіравання было рэкамендавана ўдакладніць графікі прадастаўлення крэдытаў на фінансаванне дзяржпраграм і мерапрыемстваў з улікам наяўнасці рэсурсаў банкаў і магчымасцей па прыцягненню грашовых сродкаў на ўнутраным і знешнім рынках, прадаставіўшы затым узгодненыя графікі з указаннем крыніц фінансавання ў Нацыянальны банк. У цэлым жа банкам варта праводзіць актыўныя і пасіўныя аперацыі, не дапускаючы пагаршэння стану ліквіднасці і звяртання за атрыманнем рэфінансавання ў Нацбанк, выказаў пажаданне рэгулятар.


Мараторый на прырост крэдытнага партфеля ў дзяржбанках і значнае, аж да 60 працэнтаў гадавых, павышэнне на працягу некалькіх апошніх тыдняў ставак кароткатэрміновых рублёвых дэпазітаў у шэрагу буйных банкаў, што забяспечыла масавы прыток сродкаў у нацыянальнай валюце, прывялі да таго, што сітуацыя з рублёвай ліквіднасцю ў банкаўскай сістэме Беларусі пачала паступова паляпшацца, стаўкі на міжбанку - зніжацца. "Поўную гарантыю даваць цяжка, але знешне падобна на тое, што пік цяперашніх працэнтных ставак мы ўжо прайшлі", - адзначае Вадзім Іосуб. Разам з тым, на думку эксперта, чакаць вяртання да дакрызіснага ўзроўню стаўкі па крэдытах, што выдаюцца рэгулятарам камерцыйным банкам, не варта. Заніжаная, на ўзроўні 19 працэнтаў, стаўка можа прывесці да з'яўлення лішку рублёвай ліквіднасці. Танныя грошы ў сваю чаргу здольны выклікаць рост інфляцыі і абменнага курсу. "Заніжаныя стаўкі прыводзяць да пэўных праблем у эканоміцы. Калі стаўка на міжбанкаўскім рынку будзе знаходзіцца на ўзроўні стаўкі рэфінансавання, гэта значыць каля 30 працэнтаў, гэта можна лічыць нармалізацыяй сітуацыі", - лічыць эксперт.


Фінансавы аналітык групы кампаній Forex Club Валерый Палхоўскі ў сваю чаргу не лічыць, што рост ставак на міжбанку пры бягучай сітуацыі ў краіне быў праблемай. "Гэта тыповы элемент жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. Я ахарактарызаваў бы яго як адзін з ускосных рыначных інструментаў рэгулявання сітуацыі на валютным рынку, уплыву на камерцыйныя банкі ў той перыяд, калі яны пачынаюць занадта актыўна працаваць супраць нацыянальнай валюты", - выказаў меркаванне эксперт. Дзякуючы жорсткай палітыцы рэгулятара камбанкі пачалі патроху разгортваць свае валютныя пазіцыі, сфарміраваныя раней на дэвальвацыйных чаканнях, канстатуе ён.


"У інтарэсах эканомікі цяпер праводзіць больш жорсткую грашова-крэдытную палітыку і крыху дэвальваваць беларускі рубель, каб, з аднаго боку, падтрымаць экспарцёраў, а з другога - крыху скараціць імпарт за кошт таго, што сукупны ўнутраны попыт будзе зніжацца, крэдытныя рэсурсы ў эканоміцы будуць даволі дарагія. Я лічу, што мы ўваходзім у перыяд даволі дарагіх крэдытаў, да той пары, пакуль у нас не пачне структурна змяняцца экспарт і паляпшацца сальда ў знешнім гандлі або зніжацца інфляцыя", - адзначае эксперт. Разам з тым чакаць нейкай маштабнай дэвальвацыі не варта, лічыць ён. "Цяпер мы жывём ва ўмовах грашова-крэдытнай палітыкі, якая мае зусім іншы характар, чым тая, што праводзілася апошнія гадоў дзесяць. Рэгулятар, на мой погляд, паводзіць сябе абсалютна правільна і надзейна", - канстатуе Валерый Палхоўскі.


Ганна КОТ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі