Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 чэрвеня 2016, 14:37

Лукашэнка дазволіў на год замарозіць штрафныя санкцыі для інвестараў пры ўмове завяршэння будаўніцтва аб'ектаў

15 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову аб тым, каб замарозіць на год штрафныя санкцыі для шэрага інвестараў, якія па аб'ектыўных прычынах не змаглі ў тэрмін дабудаваць пачатыя аб'екты. Гэта пытанне абмяркоўвалася ў час даклада кіраўніку дзяржавы старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я гатовы разгледзець пытанні па парушэнні дагавораў па будаўніцтве інвестарамі. Але хацелася б, каб мы, вызваляючы іх ад санкцый па нявыкананых абавязацельствах, не зрабілі гэта нормай. Таму што мы зноў атрымаем шмат недабудаў. Паабяцалі - трэба ўкладвацца ў тэрміны. Але калі ёсць аб'ектыўныя прычыны, вядома, інвестараў трэба падтрымліваць, асабліва цяпер", - заявіў Прэзідэнт.

Як растлумачыў журналістам Сямён Шапіра, некалькі гадоў таму ўлады ў Мінскай вобласці выявілі наяўнасць вялікай колькасці недабудаваных інвестыцыйных аб'ектаў. У такіх выпадках, калі аб'ект своечасова не пабудаваны, належала скасоўваць дагавор, а інвестар павінен быў бы выплаціць усе выкарыстаныя льготы, у тым ліку ў частцы падаткаў, ільгатаваных мытных пошлін. "Для таго каб не губіць інвестараў, мы пайшлі па іншым шляху. Папрасілі дазволу ў кіраўніка дзяржавы ўстанаўліваць ім дадатковы тэрмін для здачы аб'екта, але за гэта налічаліся штрафы. Штрафаў мы налічылі за ўсе гэтыя гады на Br42 млрд, якія пайшлі на аднаўленне абласной клінічнай бальніцы ў Бараўлянах", - сказаў губернатар.

Паводле яго слоў, такі падыход быў больш выгадны для бізнесу, чым скасаванне дагавора і выплата ўсіх належных няўстоек. "Сёння я папрасіў кіраўніка дзяржавы, з улікам, што няпросты час у бізнесу, дазволіць на год замарозіць штрафы, і папрасіць інвестараў, каб гэтыя аб'екты былі на працягу года дабудаваны без штрафаў. Але калі за год не дабудуюць, тады прымяніць да іх штрафныя санкцыі за гэты год уключна", - дадаў Сямён Шапіра.

"Гэта як мінімум 2-3 дзясяткі інвестараў, - растлумачыў старшыня Мінаблвыканкама. - Людзі хочуць жыць у чыстым, акуратным асяроддзі, а калі вечная будоўля, гэта грамадзянам не падабаецца. Таму размова ідзе аб тым, каб хутчэй падагнаць бізнесменаў завяршаць пачатыя аб'екты".

Ён дадаў, што адпаведная прапанова Прэзідэнтам падтрымана.

У час даклада кіраўніку дзяржавы было ўзнята і яшчэ адно пытанне аб невыкананні інвестарамі сваіх абавязацельстваў. "Мы некалі перадалі інвестарам суб'екты гаспадарання - калгасы, саўгасы - а нешта там не атрымалася, і яны, за бясцэнак атрымаўшы ўласнасць, пачынаюць перапрадаваць ужо ў тры разы даражэй па так званай рыначнай цане. Гэта непарадак. Гэта не проста трэба спыніць цяпер, а зрабіць так, каб усё вярнулі назад. Я вас тут абсалютна падтрымліваю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Сямёна Шапіры.

У размове з журналістамі губернатар адзначыў, што больш як дзесяць гадоў таму амаль 125 прадпрыемстваў у Мінскай вобласці былі перададзены інвестарам, як дзяржаўным, так і прыватным прадпрыемствам. "На жаль, некаторыя прыватныя структуры на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы не звярнулі ўвагі, а, наадварот, сталі адтуль браць грошы, прадаваць незавершаныя аб'екты, нейкія іншыя тэрыторыі, - канстатаваў губернатар. - Гэтыя гаспадаркі сталі банкрутамі. На шчасце, іх няшмат, - 5-6 такіх прадпрыемстваў".

"Відаць, пасля сённяшняга даклада Прэзідэнту з'явіцца дакумент, на падставе якога яны вернуць усё, што забралі з гэтых прадпрыемстваў, што перапрадалі па рыначных цэнах. Таму што яны проста абяскровілі прадпрыемствы. У некаторых ужо і жывёла прададзена. Трэба навесці парадак. Там ёсць людзі, калектывы, ім трэба жыць і працаваць", - падкрэсліў Сямён Шапіра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі