24 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь не рвецца ў міратворцы, але канфлікт ва Украіне трэба ліквідаваць як мага раней. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у сваім выступленні на міжнароднай экспертнай канферэнцыі "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Апошнім часам нас пачынаюць папракаць, што мы нібыта рвёмся ў міратворцы. Мы нікуды не рвёмся. У нас сваіх праблем больш, чым дастаткова. Але я ўжо сказаў аб нашай зацікаўленасці ў спакоі ва Украіне. Калі ва Украіне не будзе міру, будзе горача не толькі нам, але і ўсім вам. Гэты канфлікт як мага раней трэба не проста пагасіць - ліквідаваць. І ў гэтым вы можаце на нас разлічваць. Мы зробім усё, аб чым дамовяцца канфліктуючыя бакі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на Данбасе прадаўжаюць гінуць ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары, да гэтага часу цалкам не выкананы ні адзін пункт мінскіх пагадненняў.
"Украіна - не проста наш сусед. Як і расіяне, гэта брацкі нам народ. Мы за кароткі прамежак часу прынялі ў сябе больш за 150 тыс. украінскіх перасяленцаў і іх сем'яў. Дапамагаем ім у працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. Аказваем гуманітарную дапамогу людзям па абодва бакі "лініі размежавання" на Данбасе, - адзначыў беларускі лідар. - У якім фармаце ні праходзілі б перагаворы - "нармандскім", трохбаковай кантактнай групы, двухбаковым "Волкер - Суркоў", - бакі заўсёды могуць разлічваць на садзейнічанне Беларусі".
Прэзідэнт перакананы, што адзіны шлях урэгулявання любых міжнародных спрэчак - адмовіцца ад эмоцый, крыўд, забабонаў, прадузятасці, узаемных абвінавачанняў і вярнуцца да дыялогу.-0-