Сцяг Нядзеля, 5 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 красавіка 2024, 16:00

Лукашэнка: Беларусь поўная рашучасці процістаяць любому агрэсару і нанесці яму непрымальны ўрон

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у ваеннай сферы прытрымліваецца стратэгіі нанясення непрымальнага ўрону праціўніку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы і да размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі арыентаваліся на тое, каб нанесці ім непрымальны ўрон. Каб яны разумелі, што мы можам ударыць так, што для іх гэта будзе непрымальна", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што шэраг суседніх краін "узроены да зубоў", колькасць войскаў паблізу граніц Беларусі празмерная. Але Беларусь мае неабходны арсенал для стрымлівання, у ліку якога і ядзерныя ўзбраенні.

"Як іх стрымліваць? Ну, вось ядзерная зброя. Мы нікога не палохаем ядзернай зброяй. Мы ні на кога не нападаем. Але вось гэтыя пустыя размовы: "Ды што там... Пуцін паклаў іх (ядзернае ўзбраенне ў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), і Лукашэнка будзе на іх глядзець і маліцца, калі пачнецца вайна супраць Беларусі..." Ды вы прачніцеся, вы ж мяне ведаеце добра. І там вельмі добра ведаюць, што не дай бог яны ступяць на тэрыторыю Беларусі, яны атрымаюць імгненны адказ ад нас усімі відамі зброі. У тым ліку ад Расійскай Федэрацыі. Вы чулі нядаўна заяву Прэзідэнта Пуціна, што нападзенне на Беларусь будзе расцэньвацца як нападзенне на Расійскую Федэрацыю. Таму мы сёння поўныя рашучасці 100 працэнтаў процістаяць любому агрэсару і нанесці яму непрымальны ўрон", - запэўніў беларускі лідар.

"Таму перш чым ствараць кааліцыі, накіроўваць да нашай граніцы ўзброеныя сілы, правакаваць нас, каб мы выводзілі нашы батальённыя тактычныя групы і стаялі лоб у лоб... Ну, у нас столькі людзей пакуль няма і сіл няма. Мабілізацыю праводзіць я не збіраюся. Яны павінны разумець, што іх сталіцы зусім побач з нашай граніцай. Таму законнай цэллю, як прынята гаварыць, будуць тыя, хто прымае гэта рашэнне".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у першыя гады незалежнасці Беларусі, акрамя вываду ядзернай зброі, былі патрабаванні і па знішчэнні звычайных узбраенняў: "Рэзалі ўсё. Самалёты, танкі, артылерыйскія ўстаноўкі. Я памятаю: прыехаў у Барысаў - жудасная карціна - перавернутыя танкі, БМП. Для мяне, чалавека, які нядаўна ў афіцэрскай пасадзе служыў у арміі, гэта было не проста незразумела - гэта было жудасна. І тады, можа, не маючы паўнамоцтваў такіх, я спыніў гэту разню. Забараніў знішчаць браніраваную тэхніку. Рэзалі ўсё на кускі, грузілі ўсё ў чыгуначныя саставы і вывозілі ў Германію на пераплаўку. Самае каштоўнае, што магло быць, - гэта браня".

Што датычыцца ядзернай зброі, Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што гэта менавіта па яго патрабаванні і просьбе Расія размясціла ў Беларусі адпаведны арсенал: "Многія гавораць: "Вось, Расія тут нешта размясціла, каб нас паставіць пад удар". Я ж да размяшчэння ядзернай зброі тут гаварыў, публічна заяўляў і звяртаўся да кіраўніцтва, Прэзідэнта Расіі аб вяртанні ядзернай зброі".

Размова ішла аб размяшчэнні менавіта тактычнай зброі. "Стратэгічную зброю, можа, і не трэба сюды вяртаць. Мы ж не будзем ваяваць з Амерыкай. Стратэгічная зброя - гэта міжкантынентальныя балістычныя ракеты, якія ў нас (у часы СССР. - Заўвага БЕЛТА) былі размешчаны. Ну а пра тактычную зброю і размовы быць не можа - яна павінна быць на тэрыторыі Беларусі. А паколькі нас яшчэ і ў суагрэсары запісалі (мы з Пуціным "галоўныя ворагі ў свеце і агрэсары"), кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, супастаўляючы ўсе факты, прыняло рашэнне (яшчэ раз падкрэсліваю, па маім патрабаванні, а не таму, што яны хацелі тут стварыць базу ядзернай зброі), вярнула нам N-ю колькасць. Не буду называць лічбы, я ўжо гаварыў - некалькі дзясяткаў самых сучасных ядзерных боепрыпасаў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ім прынята рашэнне аб размяшчэнні ў Беларусі ракетных комплексаў "Іскандэр". "Мною прынята рашэнне аб размяшчэнні гэтай зброі, абслугоўванні і дзеяннях "Іскандэраў" на тэрыторыі Беларусі. Гэта вельмі небяспечная і вельмі моцная зброя. Яна сябе паказала ўжо ва Украіне са звычайнымі ракетамі. Супрацоўнікі Мінабароны і Генеральнага штаба добра ведаюць, што рабіць і ў якой сітуацыі", - сказаў беларускі лідар.

Дастаткова ў краіне і звычайнага ўзбраення, хоць Беларусь сама і не вырабляе многія яго віды, як самалёты, сістэмы ППА або танкі. "І расіяне як нашы самыя блізкія саюзнікі і зацікаўленыя ў стабільнасці ў нашай краіне людзі нам пастаўляюць па нашых саюзных дамоўленасцях. Сёння мы маем і ППА, і самалёты, і верталёты. Артылерыі, танкаў у нас дастаткова. Добра, што тады не парэзалі і не адвезлі ў Германію на пераплаўку", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У дастатковай колькасці маецца і стралковая зброя - усё захоўваецца на складах у захаванасці і абслугоўваецца належным чынам. Гэтай нават зброі дастаткова, каб спыніць браніраваную тэхніку праціўніка, тым больш улічваючы асаблівасці лясіста-балоцістай мясцовасці Беларусі, адзначыў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі