Сцяг Пятніца, 14 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 красавіка 2024, 16:30

Беларускія хакеісты пацярпелі першае паражэнне на Кубку Будучыні ў Новасібірску

Фота з архіва
Фота з архіва
26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі пацярпела першае паражэнне на міжнародным турніры "Ліга Ставак Кубак Будучыні", які праходзіць у Новасібірску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У другім матчы розыгрышу падапечныя Андрэя Міхалёва сустракаліся са зборнай лепшых ігракоў расійскай Студэнцкай хакейнай лігі (СХЛ). Напярэдадні наша каманда разграміла равеснікаў з Казахстана (7:0), а зборная СХЛ была біта Расіяй-U20 (1:8). Пачатак пятнічнай сустрэчы застаўся за беларусамі, якія выйшлі наперад ужо на другой мінуце - сольны праход дакладным кідком завяршыў Арцём Гуменюк. Мінімальную перавагу нашы хлопцы трымалі амаль увесь перыяд, але на перапынак сапернікі адправіліся ўсё ж пры роўным ліку - 1:1.

Другую трэць Беларусь-U20 таксама пачала ўдарна: практычна адразу ж пасля выхаду з раздзявалак Мікалай Салыга вярнуў гасцям лідарства. Дакладна на экватары гульнявога адрэзка Ягор Борыкаў рэалізаваў большасць, павялічыўшы адрыў да дзвюх шайбаў. Аднак і на гэты раз наша маладзёжка збавіла абароты ў канцоўцы перыяду, даўшы магчымасць зборнай СХЛ скараціць адставанне да мінімуму - 2:3.

Заключная трэць пачалася для беларусаў самым непрыемным чынам: галкіпер нашай каманды Яўген Прохараў на працягу ўсяго трох мінут быў вымушаны дастаць са сваіх варот дзве шайбы. На выратаванне заставалася дастаткова часу, але перавярнуць гульню падапечныя Міхалёва не змаглі. Такім чынам, нечаканае паражэнне з лікам 3:4. Лепшым іграком у складзе Беларусі-U20 быў прызнаны Ягор Борыкаў.

Заўтра маладзёжная зборная нашай краіны выступіць на турніры ў фармаце 3х3, сапернікамі беларусаў у паўфінале будуць менавіта хакеісты Студэнцкай лігі. Асноўны розыгрыш Кубка Будучыні ў Новасібірску завершыцца ў нядзелю матчам Беларусі-U20 і Расіі-U20.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі