Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
06 красавіка 2021, 12:33

Жыхары Літвы расчараваны палітыкай сваёй краіны і не давяраюць НАТА і ЕС - даследаванне

6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вільнюскі інстытут палітычнага аналізу (ВІПА) правёў апытанне сярод жыхароў Літвы, вынікі якога здзівілі экспертаў. Рэспандэнты выказалі расчараванне палітыкай дзяржавы, а таксама недавер ЗША, НАТА і ЕС, паведамляе DELFI.

Даследаванне "Схільнасць літоўскага грамадства да дэзынфармацыі. Аналіз наратыву" прадставіў адзін з яго аўтараў аналітык Гінтарас Шумскас. У апытанні, праведзеным 7-30 лістапада 2020 года, удзельнічалі больш за 1 тыс. жыхароў краіны, хібнасць вынікаў не перавышае 3,4 працэнта.

У выніку аналізу выяўлены наступныя наратывы: COVID-19 разваліў сістэму аховы здароўя ў Літве, COVID-19 выкарыстоўваецца для маніпуляцыі, каб кіраваць грамадствам, у Літвы няма самастойнай знешняй палітыкі, літоўская адукацыйная сістэма закладвае няправільныя каштоўнасці, развал СССР нічога добрага не прынёс, НАТА забірае ў краін-членаў грошы, якія лепш патраціць бы на сацыяльную сферу.

Так, 28 працэнтаў рэспандэнтаў цалкам згодны, а 50 працэнтаў часткова згодны са сцвярджэннем, што сістэма аховы здароўя ў Літве не працуе, а пандэмія COVID-19 яе цалкам разбурыла.

Эканамічнае становішча краіны таксама ацэньваюць адмоўна: 29 працэнтаў рэспандэнтаў цалкам згодны са сцвярджэннем, што ў Літве сумленнаму чалавеку не даюць зарабіць, яшчэ 44 працэнты хутчэй згодны з такім сцвярджэннем.

У эканамічных правалах рэспандэнты вінавацяць канкрэтную палітычную сілу - кансерватыўную партыю "Саюз Айчыны - Хрысціянскіх дэмакратаў Літвы": 59 працэнтаў згодны са сцвярджэннем, што "ўлада кансерватараў абакрала людзей - абясцэніліся пенсіі, грошы". Самае цікавае, паводле слоў Шумскаса, што з гэтым згодны 25 працэнтаў выбаршчыкаў партыі.

31 працэнт рэспандэнтаў, якія назвалі сябе выбаршчыкамі кансерватараў, лічаць, што "НАТА забірае грошы з бюджэту краін-членаў, лепш гэтыя грошы пайшлі б на дабрабыт людзей". З гэтым згодны таксама 70 працэнтаў выбаршчыкаў "Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі" і "Выбарчай акцыі палякаў Літвы".

Са сцвярджэннем, што "Літва дарэмна сварыцца з Беларуссю і Расіяй, паколькі дрэнныя адносіны прынясуць нам эканамічны ўрон" згодны 66 працэнтаў удзельнікаў апытання, а больш як палова (54 працэнты) перакананы, што "ў Літвы няма самастойнай знешняй палітыкі - усё дыктуе Брусель (ЕС)", 32 працэнты лічаць, што знешняй палітыкай Літвы кіруе Вашынгтон.

Больш за трэць удзельнікаў апытання лічаць, што "ЕС і НАТА пашыраюць свае межы і хочуць акружыць Расію" (34 працэнты). Сімпатыі прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну выказваюць 37 працэнтаў рэспандэнтаў, лічачы, што яго кіраванне ўмацавала Расію.

Многія апытаныя выказваюць настальгію па савецкім мінулым. Больш за ўсё людзі ўспамінаюць эканамічную бяспеку. Са сцвярджэннем, што ў савецкі час большасць людзей былі эканамічна абаронены, згодны 53 працэнты рэспандэнтаў. Каля 35 працэнтаў лічаць, што савецкі перыяд прынёс Літве больш карысці, чым шкоды. Сцвярджэнне, што "распад СССР не прынёс нічога добрага" падтрымліваюць 29 працэнтаў удзельнікаў апытання. Сцвярджэнні "мы павінны быць удзячны за тое, што савецкая ўлада вызваліла Літву ад нацыстаў" і "савецкі перыяд увогуле прынёс Літве больш карысці, чым шкоды" падтрымалі 37 працэнтаў і 35 працэнтаў рэспандэнтаў.

Гінтарас Шумскас прызнаў, што большая частка адказаў "нагнала жаху на даследчыкаў", бо на працягу апошніх гадоў даследаванні меркавання жыхароў Літвы паказвалі празаходнія настроі. Аднак прадстаўленыя вынікі новага даследавання паказалі зусім іншую карціну. У інтэрв'ю DELFI Гінтарас Шумскас прызнаў, што на гэты раз рэспандэнтам не задавалі пытанні так, каб іх можна было інтэрпрэтаваць неадназначна. "Мы ішлі з чыстым лістом. Не мы ўкладвалі сцвярджэнні ў вусны, людзі самі гаварылі", - падкрэсліў Шумскас.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі