Сцяг Пятніца, 14 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 мая 2024, 19:32

Лукашэнка: Беларусь не павядзецца на абяцанні, правакацыі і забалботванне прамой ваеннай пагрозы

7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На ўсе спробы запалохвання Беларусь адказвае паслядоўнай міратворчай пазіцыяй і палітыкай стратэгічнага стрымлівання. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Перамогі звярнуўся да народаў блізкага і далёкага замежжа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На ўсе спробы запалохвання Беларусь адказвае паслядоўнай міратворчай пазіцыяй з палітыкай стратэгічнага стрымлівання. Мы ўлічылі памылкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны і больш не павядзёмся на абяцанні, правакацыі і забалботванне прамой ваеннай пагрозы. Як і савецкія салдаты ў далёкім 1945-м, мы разам з нашым саюзнікам стаім на абароне не толькі тэрытарыяльных, але і рубяжоў нашай агульнай гістарычнай памяці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на першым пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу былі прыняты два асноўныя дакументы - Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Яны вызначаюць канкрэтныя меры стратэгічнага парадку, якія дапамогуць забяспечыць надзейную абарону канстытуцыйнага ладу Беларусі, суверэнітэту і мірнага жыцця народа. "Хто хоча разабрацца ў нашых планах і нашай пазіцыі сёння, яшчэ раз прапаную вам звярнуцца да гэтых дакументаў. Мы не хавалі іх, мы іх апублікавалі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Паўтараю каторы раз: мы абсалютна мірная краіна і не разглядаем ніводную дзяржаву ў якасці праціўніка. Але калі спатрэбіцца, беларускі народ паўстане на абарону роднай зямлі, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя сілы і сродкі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўным гарантам ваеннай бяспекі краіны з'яўляюцца нашы Узброеныя Сілы. Таму мы іх падтрымліваем у пастаяннай баявой гатоўнасці і аснашчаем самым сучасным узбраеннем".

Паводле яго слоў, дзякуючы прафесійнай вывучцы, патрыятызму, адданасці воінскаму абавязку і Айчыне воіны беларускай арміі здольны захаваць бяспеку нашай дзяржавы і нанесці праціўніку пры неабходнасці непапраўны і непрымальны ўрон.

У той жа час кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сёння важна не толькі ваенная сіла: "Ніякае самае сучаснае ўзбраенне не зможа зламаць народ, калі ў нас з вамі будзе адзінства. Нашы праціўнікі гэта добра разумеюць і робяць усё, каб нас расцягнуць, раз'яднаць".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі