Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 красавіка 2022, 12:42

Сірыя накіравала ААН пісьмо з пералікам ваенных злачынстваў ЗША і іх саюзнікаў у горадзе Рака

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МЗС Сірыі накіравала афіцыйнае пісьмо Савету Бяспекі ААН і генеральнаму сакратару сусветнай арганізацыі Антоніу Гутэрышу з пералікам ваенных злачынстваў ЗША і міжнароднай кааліцыі ў сірыйскім горадзе Рака ў 2017 годзе, паведамляе інфармацыйнае агенцтва SANA.

Міністэрства замежных спраў Сірыі ў сваім пісьме растлумачыла, што ваенная аперацыя ЗША і іх саюзнікаў у горадзе Рака ў перыяд з чэрвеня па кастрычнік 2017 года прывяла да практычна поўнага разбурэння гэтага горада і знішчэння тысяч нявінных мірных гараджан, чые целы былі пахаваны пад заваламі.

У міністэрстве падкрэслілі, што бязлітасная ваенная аперацыя вялася на аснове наўмыснага і сістэматычнага разбурэння інфраструктуры Ракі. ЗША і заходнія краіны, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, наносілі ўдары па грамадзянскім насельніцтве шляхам ваенных бамбардзіровак і абстрэлаў цяжкімі ракетамі, а таксама шляхам наземных атак, не робячы адрозненняў паміж тэрарыстамі ІДІЛ і грамадзянскімі асобамі. "Гэты дзеянні не былі суразмерныя з маштабамі мяркуемай небяспекі", - адзначыла МЗС Сірыі.

Па стане на лістапад 2020 года, афіцыйныя крыніцы ЗША прызналі забойства і раненне 240 грамадзянскіх асоб (178 забітых і 62 параненыя) у горадзе Рака ў выніку 38 розных інцыдэнтаў, звязаных з ваеннымі аперацыямі ЗША. "Аднак даныя і лічбы, атрыманыя іншымі няўрадавымі арганізацыямі і змешчаныя ў апублікаваных справаздачах, сведчаць аб тым, што рэальная колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў выніку дзеянняў сіл так званай "міжнароднай кааліцыі" ў горадзе Рака складае больш за 1600 чалавек. Праамерыканскія групоўкі прызналіся, што з-пад завалаў дасталі целы 4118 мірных жыхароў і 1878 - у ваеннай форме", - адзначае МЗС Сірыі.

Паводле даных ААН, у 2017 годзе былі поўнасцю разбураны або сур'ёзна пашкоджаны каля 11 000 будынкаў у горадзе Рака. Акрамя іншага, былі разбураны восем бальніц, 29 мячэцей, больш за 40 школ і пяць універсітэтаў, а таксама поўнасцю выведзены са строю дрэнажныя, арашальныя і каналізацыйныя сістэмы горада.

Рака не адзіны горад, пацярпелы ад ваенных дзеянняў ЗША і міжнароднай кааліцыі, якая ўзначальвалася імі. Ваенныя злачынствы былі ўчынены ў пасёлку Аль-Багуз у правінцыі Дэйр-эз-Зор у 2018-2019 гадах, калі пасёлак быў поўнасцю разбураны, а ўсе жыхары загінулі ў выніку маштабных авіяўдараў. "Гэтая ж незаконная кааліцыя 18 сакавіка 2019 года нанесла ўдар па гуманітарным канвоі жыхароў гэтага пасёлка, якія спрабавалі выратаваць сваё жыццё. Тады баявыя самалёты F-15 скінулі дзве бомбы, першая масай 225 кг і другая 907 кг, якія забілі больш за 80 чалавек, у асноўным жанчын і дзяцей", - гаворыцца ў пісьме МЗС.

"Памер страт інфраструктуры, дзяржаўнай і прыватнай маёмасці, а галоўнае колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва, асабліва ў горадзе Рака, Айн Аль-Арабе і Аль-Багузе, даказваюць, што Злучаныя Штаты і іх саюзнікі ўчынілі ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці ў Сірыі. Паведамленні амерыканскіх афіцыйных устаноў аб падзеях у горадзе Рака былі і застануцца лжывымі ў адносінах да сапраўдных маштабаў катастрофы, тым больш што даныя, якія былі сабраны і прааналізаваны ўрадавымі крыніцамі ЗША, адлюстроўваюць пункт гледжання Міністэрства абароны ЗША, якое з самага пачатку нясе адказнасць за злачынствы, агрэсію, разбурэнні і варварскія абстрэлы, сведкамі якіх сталі Рака, Аль-Багуз, Еўфрацкая плаціна і іншыя сірыйскія рэгіёны", - адзначаецца ў пісьме.

МЗС Сірыі заклікала ААН разгледзець справу аб разбурэнні Ракі і забойстве тысяч яе жыхароў у больш шырокім маштабе, каб убачыць усю карціну ў цэлым. "Гэта злачынства, тыповае для аперацый амерыканскіх сіл, нельга праігнараваць або замаўчаць", - падкрэслівае МЗС.

У ведамстве падкрэслілі, што Сірыя захоўвае за сабой права ўскласці адказнасць на ўрады ўсіх краін, якія ўступілі ў рады так званай "міжнароднай кааліцыі", а таксама запатрабаваць ад іх кампенсацыю сем'ям загінулых і пацярпелых грамадзянскіх асоб у выніку незаконных ваенных дзеянняў.

Міністэрства таксама мае намер прадаўжаць сачыць за амерыканскай практыкай, якая нясе небяспеку навакольнаму асяроддзю і выяўляецца ў садзейнічанні невыбіральнай здабычы нафты сепаратысцкімі групоўкамі, звязанымі з амерыканскімі войскамі, што ўварваліся, а таксама ўвозу сапсаванага і заражанага насення амерыканскай пшаніцы ў паўночна-ўсходнія рэгіёны і навязванню іх фермерам. "Гэтыя дзеянні ацэньваюцца як міжнароднае экалагічнае злачынства - адна з форм ваеннага злачынства", - гаворыцца ў пісьме.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі