Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
05 снежня 2018, 12:16

Сайдзік: бакі канфлікту ва Украіне рухаюцца ў процілеглым ад мірнага ўрэгулявання напрамку

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Марцін Сайдзік 4 снежня заявіў, што ствараецца ўражанне, нібыта бакі канфлікту на ўсходзе Украіны рухаюцца ў процілеглым ад мірнага ўрэгулявання напрамку. Такую заяву ён зрабіў па выніках праведзенага ў Мінску чарговага пасяджэння ТКГ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нягледзячы на намаганні ТКГ, напружанасць у зоне канфлікту і вакол яе, на жаль, не змяншаецца. Ствараецца ўражанне, што бакі замест таго, каб шукаць шляхі мірнага ўрэгулявання канфлікту, на самай справе рухаюцца ў процілеглым напрамку. Я вельмі заклапочаны такой сітуацыяй, - сказаў Марцін Сайдзік. - Чарговы раз звяртаюся да бакоў з настойлівым заклікам зрабіць усё неабходнае, каб не дапусціць эскалацыі напружанасці".

У адказ на просьбу пракаменціраваць тое, што прадстаўнік Расіі ў ТКГ Барыс Грызлоў 4 снежня пакінуў залу пасяджэння, спецпрадстаўнік адказаў, што гэта адбылося ў пачатку выступлення ўкраінскай дэлегацыі. "Магу сказаць, што было наша пленарнае пасяджэнне, Марчук (прадстаўнік Украіны ў ТКГ Яўген Марчук. - Заўвага БЕЛТА) узяў слова, і Грызлоў пайшоў з залы пасяджэння", - растлумачыў Марцін Сайдзік.

На перагаворах у Мінску ўдзельнікі рабочай групы па бяспецы прадоўжылі разгляд дадатковых мер па забеспячэнні рэжыму спынення агню і падрыхтоўкі да перамір'я ў сувязі з навагоднімі і каляднымі святамі. Эканамічная падгрупа абмяркоўвала тэмы водазабеспячэння і выплаты пенсій. Гуманітарная рабочая група прадоўжыла разглядаць пытанні, звязаныя з абменам утрымліваемымі асобамі. Таксама абмяркоўвалася падрыхтоўка да прадугледжанай перадачы затрыманых, не звязаных з канфліктам у АРЛВ і ў АРДВ (асобныя раёны Луганскай і Данецкай абласцей), на падкантрольную ўкраінскаму ўраду тэрыторыю. Палітычная рабочая група прадоўжыла абмен думкамі па традыцыйным парадку - абмяркоўвалася імплементацыя формулы Штайнмаера, амністыя і мадальнасці мясцовых выбараў у АРЛВ і ў АРДВ, прадугледжаныя мінскімі пагадненнямі.

"Вельмі спадзяюся, што ў нас будзе сапраўды сур'ёзнае перамір'е ў сувязі з навагоднімі і каляднымі святамі", - адзначыў Марцін Сайдзік.

Апошняя ў бягучым годзе сустрэча трохбаковай кантактнай групы адбудзецца ў сераду, 19 снежня. Адновяцца сустрэчы ў сярэдзіне студзеня 2019 года.-0-

Фота Раміля Насібуліна

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі