Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 снежня 2019, 10:43

Мінскае "Дынама" ўступіла "Кунлуню" ў матчы выязной серыі чэмпіянату КХЛ

26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскае "Дынама" ўступіла "Кунлуню" ў заключным матчы выязной серыі чэмпіянату КХЛ з лікам 1:2 (0:1, 0:1, 1:0). Такім чынам, "зубры" другі раз у сезоне паўтарылі антырэкорд, прайграўшы 11-ы раз запар, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Матч стартаваў з небяспечнага моманту ля варот "Кунлуня". Андрэй Касціцын, якога сватаюць у падмаскоўны "Віцязь", змог падставіць клюшку, але, на жаль, лік не быў адкрыты. Паступова кітайская каманда змагла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. Небяспечныя моманты сталі ўзнікаць ля варот Дэні Тэйлара ўсё часцей. На 6-й мінуце сустрэчы мінчане парушылі колькасны склад і паплаціліся за гэта. Пасля кідка ад сіняй лініі дынамаўцы выпусцілі з-пад увагі Брэндана Іпа, які адправіў шайбу ў сетку.

У другім перыядзе каманды прадоўжылі гуляць з роўнымі шанцамі на поспех, але рэалізацыя ў мінчан па-ранейшаму вымушала жадаць лепшага. Ігракі "Кунлуня" не фарсіравалі падзеі, чакаючы шанцу павялічыць розніцу ў ліку. Яго яны выкарысталі менш як за хвіліну да канца другога перыяду. Зноў дынамаўцы не змаглі "зачысціць" пятак перад варотамі. Дэні Тэйлар адбіў перад сабой шайбу, якую падхапіў Дэвантэ Сміт-Пелі і ў падзенні адправіў у вароты.

У пачатку трэцяга перыяду Андрэй Касціцын скараціў розніцу ў ліку, эфектыўна абыграўшы саперніка і адправіўшы шайбу ў левы верхні вугал варот.

Спрабуючы пазбегнуць паражэння, дынамаўцы ў канцоўцы сустрэчы знялі варатара, аднак лік да фінальнай сірэны не змяніўся.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі