
12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Іспанскі тэнісіст Карлас Алькарас упершыню стаў пераможцам турніраў серыі "Вялікага шлема", выйграўшы адкрыты чэмпіянат ЗША ў Нью-Ёрку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінальным паядынку US Open 19-гадовы іспанец абыграў нарвежскага тэнісіста Каспера Рууда - 6:4, 2;6, 7:6 (7:1), 6:3. Пасля гэтай перамогі Карлас Алькарас падняўся на вышэйшую ступень сусветнага рэйтынгу і стаў самым маладым у гісторыі лепшым тэнісістам планеты.
Пераможцай жаночага адзіночнага разраду стала першая ракетка свету полька Іга Свёнтак, якая ўзяла верх над прадстаўніцай Туніса Унс Джабір - 6:2, 7:6 (7:5). У паўфінале польская тэнісістка абыграла беларуску Арыну Сабаленка.
Агульны прызавы фонд адкрытага чэмпіянату ЗША склаў $60 млн. Пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночным разрадзе зарабілі па $2,6 млн, фіналісты US Open-2022 атрымалі па $1,3 млн.-0-