Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 сакавіка 2022, 09:57

Устаноўлены памеры выплат ветэранам да Дня Перамогі

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да Дня Перамогі асобныя катэгорыі грамадзян атрымаюць матэрыяльную дапамогу. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 12 сакавіка нумар 136 апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Матэрыяльная дапамога будзе аказана пастаянна пражываючым у краіне атрымальнікам пенсіі ад Беларусі і (або) з іншых дзяржаў у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Беларусі ў галіне сацыяльнага, пенсійнага забеспячэння.

Памер дапамогі складзе Br1,8 тыс. для інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, асоб, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года, а таксама прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах.

Выплаты ў памеры Br1 тыс. прадугледжаны для ўзнагароджаных ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, тых, хто працаваў на аб'ектах проціпаветранай абароны, мясцовай проціпаветранай абароны, на будаўніцтве абаронных збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб'ектаў у межах тылавых граніц дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог. Такія ж выплаты вызначаны і для тых, хто працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ленінграда ў час блакады з 8 верасня 1941-га па 27 студзеня 1944-га і ўзнагароджаны медалём "За абарону Ленінграда", а таксама для ўзнагароджаных знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда".

Матэрыяльную дапамогу ў памеры Br750 атрымаюць члены сем'яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі, прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны (муж або жонка, якія не ўзялі новы шлюб, дзеці-інваліды з дзяцінства, у тым ліку усыноўленыя, удачароныя, іншыя ўтрыманцы, якім заканадаўствам устаноўлена павышэнне пенсіі па названых падставах). Такі ж памер выплат прадугледжаны і для былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады ВАВ, для інвалідаў з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны або з наступствамі ваенных дзеянняў.

Матэрыяльная дапамога будзе выплачана з 25 красавіка па 6 мая.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі