Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 мая 2024, 13:11

Прэм'ерныя паказы дакументальнага фільма "Вызваленне" адбудуцца ў 22 гарадах Беларусі

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ерны паказ дакументальнага фільма "Вызваленне", прымеркаваны да святкавання 79-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пройдзе сёння ў 22 гарадах Беларусі, паведаміў міністр юстыцыі Яўген Каваленка перад дэманстрацыяй фільма ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дакументальны матэрыял, прадстаўлены ў фільме, унікальны па сваім змесце, адзначыў міністр юстыцыі. Паводле яго слоў, гэта бясцэнныя гістарычныя сведчанні, якія праўдзіва і непрадузята ажыўляюць падзеі, што адбываліся 80 гадоў таму. За хранікальнымі кадрамі стаіць жыццё савецкіх франтавых аператараў. З 258 загінуў кожны трэці.
Паводле слоў Яўгена Каваленкі, фільм падрыхтаваны да юбілейнай даты - 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і з'яўляецца яшчэ адным укладам у захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. "Наш абавязак - захаваць для будучых пакаленняў беларусаў гістарычную праўду аб гераізме і подзвігу савецкіх салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, якія выратавалі свет ад фашызму", - адзначыў міністр.
Рэалізуючы гэту місію, Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі пашырае сферу выкарыстання дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду і фарміруе новы напрамак дзейнасці - стварэнне дакументальных фільмаў на аснове архіўных дакументаў у рамках праекта "Адкрыты кінаархіў".

Яўген Каваленка падкрэсліў, што Беларусь памятае бязвінных ахвяр цынічных эксперыментаў і страшэннай жорсткасці нацысцкіх катаў. Фундаментальныя выдавецкія праекты "Без тэрміну даўнасці. Беларусь" і "Архівы. Нічога, акрамя праўды" з'яўляюцца кнігамі памяці аб ахвярах генацыду беларускага народа.
Міністр заўважыў, што беларускія архівісты і цяпер прадаўжаюць работу па выяўленні малавядомых фактаў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія стануць асновай новых праектаў. "У сённяшні мірны час мы памятаем і шануем усіх тых, дзякуючы каму мы можам спакойна працаваць, ствараць, радавацца поспехам і будаваць новыя планы", - дадаў ён.-0-

Фота Таццяны Матусевіч
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі