Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2021, 14:05

У Беларусі створаны ўсе ўмовы, каб таленавітая моладзь магла сябе паказаць - Кадлубай

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створаны ўсе ўмовы, каб таленавітая моладзь магла сябе паказаць. Аб гэтым у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА заявіў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

"Беларусь - краіна таленавітых людзей. У нас створаны ўсе ўмовы, каб адораная моладзь магла сябе паказаць. У 1996 годзе ў рэспубліцы створаны спецыяльны фонд Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. За 25 гадоў дзейнасці фонду было падтрымана каля 40 тыс. вучняў і студэнтаў, больш за 4 тыс. педагагічных і навуковых работнікаў. У банк даных адоранай моладзі ўключана інфармацыя аб 6260 грамадзянах", - расказаў Аляксандр Кадлубай.

Паводле яго слоў, сістэма адукацыі пабудавана на грамадзянскім і патрыятычным выхаванні моладзі. "З верасня бягучага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўводзіцца новая пасада "кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні". У яго функцыі будуць уваходзіць планаванне, арганізацыя і ажыццяўленне выхавання навучэнцаў па ваенна-патрыятычным напрамку, арганізацыя дапрызыўнай падрыхтоўкі і экскурсійна-турыстычнай дзейнасці, кантроль за выкананнем у школе патрабаванняў бяспекі і іншае. Сумесна з зацікаўленымі вядзецца работа па распрацоўцы дзяржаўнай праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва, безумоўна, асаблівая ўвага будзе ўдзелена моладзі", - адзначыў намеснік міністра.

На стадыі распрацоўкі знаходзіцца маладзёжны інтэрнэт-партал, які стане асноўным дзяржаўным інфармацыйным рэсурсам у галіне маладзёжнай палітыкі. На сайце будзе прадстаўлена афіцыйная інфармацыя аб рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Беларусі, сацыяльных гарантыях і мерах дзяржаўнай падтрымкі моладзі, праводзімых грамадска значных мерапрыемствах і праектах. Будзе створана актуальная база даных дзеючых заканадаўчых актаў. У распрацоўку інтэрнэт-партала ўключаны ўсе дзяржаўныя органы і грамадскія арганізацыі, якія ажыццяўляюць у межах сваёй кампетэнцыі дзяржаўную маладзёжную палітыку.

Нарошчваецца міжнароднае супрацоўніцтва Беларусі ў сферы маладзёжнай палітыкі. "Прадстаўнікі нашага маладзёжнага руху ўключаны ў Маладзёжную міжпарламенцкую асамблею дзяржаў - удзельніц СНД. У лістападзе мінулага года прадстаўнікі дзяржаўных органаў і маладзёжных арганізацый прынялі ўдзел у рабоце 3-яй Еўрапейскай канвенцыі па рабоце з моладдзю. Цяпер з нашымі партнёрамі з Турцыі і Таджыкістана рыхтуем міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне маладзёжнай палітыкі", - падкрэсліў Аляксандр Кадлубай.

Намеснік міністра звярнуўся да моладзі: "Вы бачыце, як дзякуючы паступальнаму руху ўмацоўваецца суверэнітэт і незалежнасць Айчыны, ствараюцца ўмовы, якія дазваляюць раскрыць свой творчы, спартыўны і інтэлектуальны патэнцыял. Помніце, для вас адкрыты ўсе дзверы і любы можа знайсці справу даспадобы. А дзяржава і ў далейшым будзе рабіць усё магчымае, каб кожны малады чалавек быў запатрабаваны на сваёй роднай зямлі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі