Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 кастрычніка 2019, 15:10

У Беларусі прынялі рашэнне аб стварэнні ІТ-ВНУ

14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ІТ-ВНУ маюць намер стварыць у Беларусі да новага навучальнага года. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы па асобных пытаннях развіцця краіны ў лічбавай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нарада стала працягам сустрэчы Прэзідэнта з прадстаўнікамі ІТ-сферы ў Парку высокіх тэхналогій, якая прайшла ў красавіку бягучага года. На ёй актыўна абмяркоўваліся пытанні адукацыі і падрыхтоўкі спецыялістаў для галіны. На нарадзе гэта тэма, паводле слоў Аляксандра Турчына, атрымала лагічнае завяршэнне: кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аб стварэнні ІТ-ВНУ.

"Гэта прапанова не толькі ІТ-супольнасці, але і нашых вядучых ВНУ: БДУ і БДУІР. Думаю, у бліжэйшы час мы ўнясём на разгляд кіраўніка дзяржавы адпаведны праект нарматыўнага прававога акта, які будзе рэгуляваць дзейнасць гэтай установы адукацыі", - сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Заснавальнікамі ІТ-ВНУ выступяць Парк высокіх тэхналогій, БДУ, БДУІР і вялікія кампаніі - рэзідэнты ПВТ. Адкрыць установу плануюць да новага навучальнага года. Якую назву яна атрымае, пакуль невядома. Прэзідэнт даручыў прапрацаваць яе і запатрабаваў, каб у свеце яна абавязкова асацыявалася з краінай.

"Гэта будзе наша спроба рыхтаваць спецыялістаў вельмі высокага ўзроўню, - адзначыў Аляксандр Турчын. - На першапачатковым этапе плануем прымаць на навучанне каля 180 абітурыентаў. Плануем, што навучанне ў ВНУ будзе платным, без бюджэтнага фінансавання". Для падтрымкі таленавітых юнакоў і дзяўчат плануецца распрацаваць сістэму грантаў.

Ва ўрадзе звярнулі ўвагу, што ў новай ВНУ будуць рыхтаваць кадры не для канкрэтных кампаній і не толькі для ІТ-галіны, а ў цэлым для краіны. "Калі мы сур'ёзна падыходзім да пытанняў лічбавізацыі эканомікі, нам гэтыя спецыялісты будуць патрэбны ў кожнай сферы, - дадаў першы намеснік прэм'ер-міністра. - Наша задача - стварыць умовы для таго, каб наша найбольш таленавітая моладзь не выязджала з краіны".

На нарадзе кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што са стварэннем новай навучальнай установы важна не забываць пра ўжо існуючыя ўніверсітэты і развіваць іх. На яго думку, канкурэнцыя будзе садзейнічаць павышэнню якасці адукацыйных паслуг.

У час мерапрыемства з боку ІТ-супольнасці прагучала таксама прапанова аб эксперыментальнай ІТ-адукацыі на базе школьнай. Ініцыятарам выступіў прадпрымальнік, заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня, які выказаў гатоўнасць узяць шэфства над некалькімі школамі, каб сфарміраваць там профільныя класы. Гэта ідэя знайшла падтрымку ў кіраўніка дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі