Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 лістапада 2025, 09:00

У Беларусі адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі 

(Абноўлена)

7 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца сёння ў Рэспубліцы Беларусь.

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі быў устаноўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года нумар 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь" і з'яўляецца выхадным днём у краіне.

Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адбылася 25 кастрычніка (7 лістапада па новым стылі) 1917 года. Яна стала адной са значных падзей ХХ стагоддзя і карэнным чынам паўплывала на ход далейшай гісторыі. Рэвалюцыя ўскалыхнула і натхніла мільёны людзей на барацьбу супраць прыгнёту і няроўнасці. Кастрычнік 1917 года, асабліва для прадстаўнікоў старэйшага пакалення, стаў сімвалам пераўтварэння жыцця ў Беларусі. Дзякуючы рэвалюцыі беларускі народ набыў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, збярог і ўзбагаціў нацыянальную культуру.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адбылося самавызначэнне Беларусі, стварэнне нацыянальнай дзяржавы на савецкай аснове. Мэтазгоднасць менавіта гэтай формы дзяржаўнасці пацвярджалі настроі беларускага грамадства, прывабнасць палітычнай праграмы бальшавікоў, усё большая ваенная моц Савецкай Расіі на Заходнім фронце. БССР першапачаткова заняла тэрыторыю шасці паветаў былой Мінскай губерні - толькі частку Цэнтральнай Беларусі. Але маленькая рэспубліка з плошчай усяго 50 тыс. кв.км і насельніцтвам 1,5 млн чалавек стала адным з сузаснавальнікаў Савецкага Саюза і сабрала вакол сябе спачатку ўсходнебеларускія, а потым і заходнебеларускія землі. Сучасная Беларусь - прамы наследнік і правапераемнік БССР, а БССР стала магчыма толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Прайшло ўжо 108 гадоў з моманту падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але менавіта ў 1917 годзе наш народ зрабіў важныя крокі на шляху будаўніцтва сучаснай беларускай дзяржавы. У нашы дні Беларусь упэўнена ідзе па шляху суверэннага развіцця, здолеўшы захаваць і прымножыць дасягненні савецкага перыяду. У нашай краіне склалася ўласная мадэль дзяржавы з моцнай сацыяльнай палітыкай і сацыяльна арыентаванай эканомікай, накіраванымі на павышэнне якасці жыцця грамадзян і грамадства ў цэлым.

У Беларусі сфарміравана ўнікальная палітычная мадэль з развітой сістэмай прадстаўнічых органаў улады. Наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйна-прававога статусу ўмацавала асновы беларускай дзяржаўнасці і паказала, што беларусы з'яўляюцца з'яднанай нацыяй, якая можа самастойна ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх.

Захоўваючы гэты дзень сярод іншых значных дат, мы тым самым аддаём даніну памяці таму часу, калі наш народ атрымаў імпульс для развіцця беларускай дзяржаўнасці. 7 лістапада 2024 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, віншуючы суайчыннікаў з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі, адзначыў: "Падзеі восені 1917 года прымусілі свет пачуць голас народа, які смела і адкрыта заявіў аб сваёй шматвяковай мары. Аб'яўленне аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь стала сапраўды перамогай гістарычнай справядлівасці". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, "аберагаючы дасягнутае папярэднікамі, натхняючыся іх подзвігамі, упэўнена пішам новую старонку ў тысячагадовым летапісе беларускага народа".

У многіх гарадах Беларусі 7 лістапада праходзяць урачыстыя цырымоніі ўскладання кветак да помніка Леніну, святочныя канцэрты, розныя дыялогавыя пляцоўкі і асветныя мерапрыемствы. Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў краіне традыцыйна рэканструююць і ўводзяць у строй шэраг важных і буйных аб'ектаў, у тым ліку сацыяльных, сярод якіх жылыя дамы, дзіцячыя сады, навучальныя ўстановы, паліклінікі, спартыўныя комплексы, масты і дарогі.-0-  

Фота Таццяны Матусевіч
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі