Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 лютага 2020, 17:31

ПРААН дапамагае ўзмацніць унікальныя асаблівасці рэгіянальнага развіцця ў Беларусі - Салаўёва

18 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. ПРААН мае намер і далей садзейнічаць больш эфектыўнаму эканамічнаму і экалагічнаму выкарыстанню ўнікальных асаблівасцей рэгіянальнага гарадскога развіцця ў Беларусі. Аб гэтым заявіла пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва сёння на сустрэчы з журналістамі, прысвечанай вынікам праведзенага ў лютым у Абу-Дабі (ААЭ) дзясятага Сусветнага форуму гарадоў (WUF), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"ПРААН у Беларусі дапамагае ўзмацніць унікальныя асаблівасці рэгіянальнага гарадскога развіцця і выкарыстоўваць іх з максімальнай эканамічнай і экалагічнай выгадай для мясцовых супольнасцей. Мы развіваем інструменты для інтэграцыі гарадской спадчыны, культуры, мясцовых эканамічных патрэбнасцей, экалагічных прыярытэтаў, нізкавугляроднага развіцця і адаптацыі да змянення клімату для забеспячэння ўстойлівых і працвітаючых гарадоў", - сказала Аляксандра Салаўёва.

Яна звярнула ўвагу, што на Сусветным форуме гарадоў разглядаліся ключавыя дзеянні для ўстойлівага гарадскога развіцця, уключаючы неабходнасць узгодненага ажыццяўлення Глабальнага парадку дня на перыяд да 2030 года, Новай праграмы развіцця гарадоў, Парыжскага пагаднення. У ліку важных тэм форуму былі інавацыйныя гарадскія рашэнні ў сферы планавання, кіравання і развіцця інфраструктуры, механізмы фінансавання ўстойлівых гарадоў, пашырэнне магчымасцей гарадоў як адкрытых інвестыцыйных пляцовак для стварэння спрыяльных умоў для бізнесу.

"ПРААН актыўна ўдзельнічае ў развіцці гэтых напрамкаў і падтрымлівае ўрады, гарадскія адміністрацыі, зацікаўленыя бакі ў іх дзеяннях па паляпшэнні кіравання, павышэнні якасці навакольнага асяроддзя, сацыяльнай роўнасці і развіцця фінансавых інструментаў для садзейнічання ўстойліваму гарадскому развіццю, - прадоўжыла пастаянны прадстаўнік. - Канцэпцыя разумных, зялёных гарадоў прадугледжвае вырашэнне шэрага задач. Таму інструменты, якія ПРААН прапануе ўраду Беларусі для ўстойлівага развіцця гарадоў, з'яўляюцца комплекснымі: садзейнічаюць скарачэнню выкідаў парніковых газаў, павышэнню энергаэфектыўнасці і паляпшэнню стандартаў якасці жыцця".

Так, па праекце ГЭФ-ПРААН "Энергаэфектыўнасць у будынках" у Мінску, Магілёве і Гродне ўпершыню ў Беларусі пабудаваны энергаэфектыўныя жылыя дамы для 433 сем'яў. "Інавацыйныя інжынерныя сістэмы дазваляюць скараціць удзельнае спажыванне цеплавой энергіі на ацяпленне ў 3-3,5 раза, а на гарачае водазабеспячэнне - у 2,5-3 разы. Пераход на будаўніцтва такіх будынкаў скароціць расходы дзяржавы на аплату імпартуемага паліва, а выкіды парніковых газаў у жыллёвым сектары - на больш як 130 тыс. т у эквіваленце СО2 штогод, - звярнула ўвагу Аляксандра Салаўёва. - Праектам ЕС-ПРААН "Энергаэфектыўнасць у школах" інавацыйныя тэхналогіі былі ўкаранёны ў чатырох навучальных установах Беларусі, што дае ім магчымасць скараціць энергаспажыванне амаль у два разы". Мерапрыемствы праекта "Зялёныя гарады", які рэалізуецца ў некалькіх пілотных гарадах, дадуць магчымасць скараціць выкіды CO2 больш як на 91 тыс. т.

Паводле слоў пастаяннага прадстаўніка, эксперты ПРААН аказваюць садзейнічанне такім гарадам, як Баранавічы, Пружаны, Лёзна, Мсціслаў, Слаўгарад, у распрацоўцы планаў дзеянняў у рамках Пагаднення мэраў па клімаце і энергіі, якія дадуць магчымасць рэалізаваць прынятыя добраахвотныя абавязацельствы па зніжэнні выкідаў парніковых газаў не менш як на 30 працэнтаў да 2030 года.

Яшчэ адзін важны напрамак ва ўстойлівым развіцці гарадоў - укараненне лічбавых рашэнняў, смарт-тэхналогій. "Паўгода таму мы ўрачыста адкрылі ў Навагрудку вуліцы з разумным энергаэфектыўным асвятленнем. Паўгадавы маніторынг сёння пацвярджае 30-працэнтнае скарачэнне спажываемай электраэнергіі. Плануецца, што ўстаноўка смарт-лічыльнікаў у двух шматкватэрных пілотных дамах Навагрудка дазволіць дамашнім гаспадаркам эканоміць 5-10 працэнтаў спажываемых рэсурсаў. Разумныя кантралёры, якія маюць сувязь са спадарожнікамі для сінхранізацыі работы святлафораў, дазволяць жыхарам Полацка і Наваполацка скараціць час, праведзены ў дарозе", - адзначыла Аляксандра Салаўёва.

Яна падкрэсліла, што ў цэнтры канцэпцыі ўстойлівых гарадоў знаходзіцца менавіта чалавек, а не тэхналогіі: "Інтэграваны падыход, калі розныя галіны гарадской гаспадаркі аб'ядноўваюць намаганні і сродкі, накіраваны ў першую чаргу на тое, каб зрабіць гарады максімальна зручнымі і камфортнымі для жыхароў, у якіх павінны быць усе магчымасці для здаровага ладу жыцця. У прыярытэце знаходзіцца развіццё інклюзіўных, бяспечных гарадоў, якія дазваляюць усім людзям адыгрываць актыўную ролю ў ініцыятывах. Так, у Лідзе пры падтрымцы МЗС Польшчы мы адкрылі веласіпедную дарожку для людзей усіх узростаў і фізічных магчымасцей, якая праходзіць праз асноўныя выдатныя мясціны горада. Дарожка разлічана як на традыцыйныя веласіпеды, так і на спецмадэлі з ручным кіраваннем і электрычнымі прыстаўкамі да інвалідных калясак. У Лідзе і Брэсце пабудаваны варкаўт-пляцоўкі, на якіх могуць займацца і людзі з інваліднасцю".

Актуальным з'яўляецца і абмеркаванне праблемы так званых гарадоў, якія скарачаюцца. "Нарастае тэндэнцыя росту і канцэнтрацыі насельніцтва ў сталіцы і буйных (абласных) гарадах, і, як вынік, зніжаецца актыўнасць эканомік сярэдніх і малых гарадоў", - канстатавала пастаянны прадстаўнік. Па праекце ПРААН і Банка развіцця "Малыя гарады" адкрыты цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва ў Чавусах, Крычаве, Мсціславе, Барані, Горках і Глыбокім. Створана інфраструктура, закуплена неабходнае абсталяванне і падрыхтаваны кваліфікаваны персанал для далейшай самастойнай работы цэнтраў. Аляксандра Салаўёва расказала таксама пра сумесны з Польшчай праект па развіцці новых турпрадуктаў і паслуг у Мёрах, Браславе, Гродне і Мядзеле для садзейнічання стварэнню працоўных месцаў.

Сярод спікераў на сустрэчы з журналістамі таксама былі пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаанна Казана-Вішнявецкі, нацыянальны кансультант па зялёным горадабудаўніцтве праекта "Зялёныя гарады" Вера Сысоева, намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксей Ананіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі