8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першую партыю вакцыны ад каранавіруса "Спадарожнік V" выпусцілі ў грамадзянскі абарот. Пастаўкі прэпарата ў расійскія рэгіёны чакаюцца бліжэйшы час, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
Першая партыя вакцыны для прафілактыкі новай каранавіруснай інфекцыі "Гам-Кавід-Вак" ("Спадарожнік V") прайшла ўжо неабходныя выпрабаванні па якасці ў лабараторыях Расспажыўнагляду і выпушчана ў грамадзянскі абарот. Гэта вакцына была распрацавана Нацыянальным даследчым цэнтрам эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя Гамалеі. Раней кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Міхаіл Мурашка тлумачыў, што пад грамадзянскім абаротам на гэтым этапе маецца на ўвазе вакцынацыя насельніцтва з груп рызыкі, у прыватнасці, настаўнікаў і медыкаў, якую будуць праводзіць паралельна з пострэгістрацыйнымі клінічнымі даследаваннямі.
За ўвесь час пандэміі COVID-19 у Расіі зафіксавана больш за мільён заражаных, памерлі звыш 17,8 тыс. чалавек, выздаравелі амаль 843 тыс. хворых.-0-
