У час рабочай паездкі
14 красавіка, Краснапольскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі 14 красавіка сабраў нараду па пытаннях комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Указы Прэзідэнта па комплексным сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці (тэрыторыя Крычаўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага раёнаў) прымаліся раней у 2015 і 2020 гадах. Дакументы прадугледжвалі льготы і прэферэнцыі для павышэння інвестыцыйнай актыўнасці, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, замацавання працоўных рэсурсаў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых і будаўнічых арганізацый.
Паводле даных Магілёўскага аблвыканкама, за час іх дзеяння ў эканоміку і сацыяльную сферу рэгіёна накіравана амаль 3,2 млрд рублёў інвестыцый у асноўны капітал. У ліку значных інвестыцыйных праектаў, рэалізаваных за гэты час, - завод па вытворчасці цэментна-стружкавых пліт у Крычаўскім раёне, свінагадоўчыя комплекс і рэпрадуктар у Слаўгарадскім і Клімавіцкім раёнах, комплексы па вытворчасці радужнай фарэлі ў Краснапольскім і Хоцімскім раёнах, рыбаводны комплекс па вытворчасці аплодненай ікры радужнай фарэлі ў Чэрыкаўскім раёне. Цяпер прапануецца прадоўжыць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна на 2026-2030 гады.
Прэзідэнт спытаў, чаму належным чынам не спрацаваў комплекс мер у мінулай пяцігодцы, якія недахопы ў ім былі. І ў той жа час які станоўчы вопыт мінулых гадоў трэба захаваць на чарговы тэрмін. Важна, паводле яго слоў, вызначыць асноўныя фактары, якія цяпер стрымліваюць развіццё рэгіёна, і меры, якія дадуць магчымасць выправіць сітуацыю ў 2026-2030 гадах. У гэтым кантэксце Аляксандр Лукашэнка чакае новых падыходаў і прарыўных ідэй. Хоць, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, часам не трэба выдумляць нічога асаблівага, прарыўнога, а трэба звярнуцца да ўжо існуючага вопыту: "Хадзіць па зямлі, глядзець і бачыць, што трэба зрабіць".
"Можа, адна з ідэй - нічога не выдумляць, а пабудаваць на паўднёвым усходзе не адну такую рыбаводчую гаспадарку (як прадпрыемства "Палуж", якое наведаў у ходзе рабочай паездкі Прэзідэнт. - Заўвага БЕЛТА)? - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. - З улікам невялікай колькасці рэсурсаў (якія неабходны для рэалізацыі такога праекта. - Заўвага БЕЛТА), з улікам таго, што мы ведаем, гузы набілі на гэтай будоўлі, мы ведаем, як будаваць". Да таго ж неабходнасць у такой прадукцыі патрэбна на ўнутраным рынку, дзе за кошт айчынных прадпрыемстваў забяспечваецца менш за палову спажываемай рыбы. "Бульбашы, бульбу ядзім. Але да бульбы патрэбна рыба. Не толькі мяса і малако", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў урада, Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсю работу па развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці не павінен цягнуць толькі аблвыканкам. Павінны быць памочнікі і адказныя на ўзроўні рэспублікі. "Абласны камітэт павінен даручыць гэта старшыням райвыканкамаў, і яны павінны варушыцца на месцы і адказваць за канкрэтныя планы", - сказаў беларускі лідар.
Яшчэ адзін важны аспект - чаканыя вынікі ад развіцця рэгіёна ў канцы пяцігодкі. "Наколькі яны рэальныя?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама спытаў, ці дастаткова высока ўстаноўлена планка задач і ці дасягальныя яны.
Немалаважнае пытанне, абазначанае Прэзідэнтам, датычылася аб'ёмаў і крыніц фінансавання. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з боку дзяржавы падтрымка для рэнтабельных праектаў будзе забяспечана, але яна не будзе бязвыплатнай.
"Пад гэта мы знойдзем адпаведныя крэдытныя рэсурсы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Бясплатных грошай не бывае. Вы ж кіраўнікі, вы разумееце. Але гэта павінны быць пад'ёмныя крэдытныя рэсурсы. Мы маем такую магчымасць - не толькі вам на паўднёвым усходзе, але па ўсёй краіне, дзе будзем рэалізоўваць гэту праграму і іншыя праграмы, якія хутка акупляюцца, - выдзеліць недарагія рэсурсы, але зваротныя". Напрыклад, паводле ацэначных даных спецыялістаў, рэнтабельнасць праекта рыбаводчай гаспадаркі, накшталт "Палуж", мінімум 15 працэнтаў. Пры такой эфектыўнасці работы прадпрыемства цалкам здольнае разлічвацца па крэдытных абавязацельствах і развівацца.
"З фінансаваннем мы вам дапаможам. Гэта будуць крэдыты, пад'ёмныя, зваротныя. Можа, з інвестараў нехта рызыкне ўкласціся. Я, напрыклад, у такія прадпрыемствы, калі б быў інвестарам і меў грошы, з задавальненнем уклаўся б. Рэнтабельнасць вельмі добрая. Кампактная, нармальная гаспадарка", - лічыць Прэзідэнт.-0-
