Сцяг Нядзеля, 5 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лютага 2023, 13:45

Пасля ДТЗ у Смалявіцкім раёне ў вельмі цяжкім стане застаюцца чатыры пацыенты

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля ДТЗ у Смалявіцкім раёне ў вельмі цяжкім стане застаюцца чатыры пацыенты, стан адной пацыенткі стабілізаваўся, паведаміў журналістам дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

"Мы можам канстатаваць, што чацвёра пацыентаў цяпер знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане, пяцёра пацыентаў - у цяжкім стане. Стан пятага пацыента, аб якім гаварылі ўчора, стабілізаваўся, палепшыўся. Ён быў адлучаны ад апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх", - сказаў Алег Румо.

Дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра падкрэсліў, што ў пацыентаў цяжкія комплексныя пашкоджанні. "У працэсе лячэння клінічная сітуацыя можа мяняцца. Яна можа паляпшацца, і мы будзем рабіць для гэтага абсалютна ўсё. Але, на жаль, яна можа і прагрэсіўна пагаршацца. Таму намі будуць прымацца ўсе неабходныя меры на самым высокім узроўні, каб знівеліраваць усе тыя магчымыя ўскладненні, якя ўзнікаюць пасля такіх цяжкіх, камбінаваных, комплексных, спалучаных паражэнняў органаў і сістэм", - адзначыў ён.

У Мінскім НПЦ цяпер знаходзіцца маладая пацыентка, якая атрымала вельмі цяжкую траўму печані. "Крывацёк быў спынены спецыялістам, які спрацаваў вельмі якасна там, на месцы аварыі ў Смалявічах. Гэта спецыяліст Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Пасля гэтага пацыентка была пераведзена да нас, учора яна прааперыравана на фоне існуючых цяжкіх пашкоджанняў печані, шоку. На шчасце, за ноч яе стан стабілізаваўся. Будзем рабіць і далей усё, каб яна паправілася", - сказаў Алег Румо.

У Мінскай абласной клінічнай бальніцы цяпер знаходзяцца чатыры пацыенты, у Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі - тры пацыенты і адзін - у РНПЦ дзіцячай хірургіі. Медыкі робяць усё магчымае, каб выратаваць пацыентаў. У траіх - цяжкая спалучаная траўма з перавагай траўм грудной і брушной поласці, у аднаго ў клінічнай карціне пераважае цяжкая чэрапна-мазгавая траўма. "Астатнія пяць пацыентаў у стабільным стане. Яны пакуль яшчэ знаходзяцца ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, але па меры іх стабілізацыі і паляпшэння самаадчування яны будуць пераведзены ў звычайныя саматычныя аддзяленні. Траўмы ўсе спалучаныя, пашкоджаны косці шкілета, косці чэрапа твару, у шэрага пацыентаў пашкоджаны галаўны мозг, ёсць траўмы грудной клеткі і органаў брушной поласці", - растлумачыў Алег Румо.

Паводле яго слоў, штодзень вядучыя спецыялісты краіны аглядаюць пацярпелых, выконваюцца неабходныя этапныя аперацыі: першапачаткова трэба было спыніць крывацёк і выратаваць жыцці хворых і толькі потым можна займацца іх рэабілітацыяй. Падключыліся вядучыя спецыялісты і іншых РНПЦ - неўралогіі і нейрахірургіі, траўматалогіі і артапедыі, супрацоўнікі кафедры хірургіі і транспланталогіі БДМУ.

Пакуль медыкі не даюць адназначных прагнозаў наконт выніку траўмаў. "Першая задача, якую мы ставім перад сабой, - гэта выратаваць жыццё і стабілізаваць стан. Другая задача пасля таго, як мы дасягнулі першай, - забяспечыць план рэабілітацыі, які дасць магчымасць чалавеку вярнуцца да нармальнага жыцця. Як будзе праходзіць рэабілітацыя, я сказаць не магу, паколькі мы яшчэ не вырашылі першую задачу - поўнасцю не ўпэўнены ў тым, што жыццю ўсіх пацыентаў нічога не пагражае", - заўважыў дырэктар НПЦ.

Як паведамлялася, 20 лютага каля 15.00 на трасе Р69 паблізу Смалявіч здарылася лабавое сутыкненне маршруткі і гружанага МАЗа. У аварыі загінулі 11 чалавек, у тым ліку двое непаўналетніх (13 і 14 гадоў). У бальніцах знаходзяцца 9 чалавек з траўмамі рознай ступені цяжкасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі