Сцяг Пятніца, 10 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 снежня 2020, 09:06

Пархамовіч расказаў аб развіцці гарадоў-спадарожнікаў, будаўніцтве арэндных дамоў і электрыфікацыі жылля

7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб развіцці гарадоў-спадарожнікаў, будаўніцтве арэндных дамоў і электрыфікацыі жылля ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" расказаў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, паведамляе БЕЛТА.

"Будаўнічая сфера прадаўжае развівацца. Ніякія планы па ўзвядзенні жылля мы не скарачалі. Як і раней, разлічваем увесці ў эксплуатацыю 4 млн кв.м жылля. Вынікі за дзесяць месяцаў паказалі станоўчую дынаміку па будаўніча-мантажных работах - 103,5 працэнта, таксама павялічылі сваю ўдзельную вагу ў ВУП з 4,6 працэнта на пачатак года да 5,6 працэнта па выніках студзеня-кастрычніка. Тыя планы, якія ў нас ёсць, у бягучым годзе будуць выкананы. Без якіх-небудзь істотных змяненняў мы плануем і наступны год", - расказаў Руслан Пархамовіч.

Ён падкрэсліў, што ў міністэрства ёсць вялікія планы па будаўніцтве арэнднага жылля, таму што яно заўсёды карыстаецца попытам. "На жаль, рынак арэнднага жылля ў Беларусі недастаткова развіты. У цэлым гэта 3,5 працэнта ад агульнага жылфонду краіны. Гэты рынак неабходна развіваць. Для гэтага мы цяпер працуем над нарматыўнымі актамі, плануем прадаставіць пэўныя льготы для камерцыйных забудоўшчыкаў, якія будуць узводзіць жыллё і перадаваць у пакватэрную арэнду. Напрыклад, гэта прадастаўленне без аўкцыёнаў, бясплатна зямельных участкаў, будаўніцтва за кошт бюджэту інжынерна-транспартных камунікацый, якія будуць падыходзіць да гэтых дамоў. Увогуле, хочам стварыць усе ўмовы для таго, каб рынак камерцыйнага арэнднага жылля развіваўся", - растлумачыў міністр.

Гаворачы аб электрадамах, Руслан Пархамовіч адзначыў, што ў гэтым напрамку плануецца прырост. "Калі ў 2019 годзе было ўведзена 8 тыс. кв.м такога жылля, у бягучым годзе плануецца больш за 130 тыс. кв.м, а ў наступным - разлічваем павялічыць плошчу ўдвая, - сказаў ён. - У планах на будучую пяцігодку - пабудаваць не менш як 1 млн кв.м такога жылля і выйсці да 2025 года на 30 працэнтаў ад агульнага ўводу".

На яго думку, такое жыллё трэба будаваць, але пад яго неабходна падрыхтоўваць інфраструктуру, чым цяпер ужо займаецца Мінэнерга сумесна з мясцовай выканаўчай уладай і з Мінбудархітэктуры. "Паэтапна будзе развівацца інфраструктура, і следам будуць павялічвацца аб'ёмы будаўніцтва дамоў з выкарыстаннем электраэнергіі", - дадаў ён.

Закранаючы тэму гарадоў-спадарожнікаў, міністр расказаў, што ў мінулым годзе было пабудавана больш за 100 тыс. кв.м такога жылля. "Па выніках дзесяці месяцаў 2020 года пабудавана ўжо 82 тыс. кв.м. На будучы год мы плануем павялічваць будаўніцтва жылля па гарадах-спадарожніках да 200 тыс. кв.м. Смалявічы будуць тым узорам і прыкладам, па якім будуць развівацца і іншыя гарады", - адзначыў ён.

Што датычыцца даўгабудаў, Руслан Пархамовіч падкрэсліў, што практычна цалкам удалося пазбавіцца ад гэтай праблемы. "Сёння ў цэлым па краіне ёсць чатыры праблемныя даўгабуды. Усе яны знаходзяцца ў Мінску. Стан гатоўнасці гэтых дамоў высокі - больш за 90 працэнтаў. Спадзяюся, у бліжэйшы час пытанне па гэтых дамах будзе вырашана", - сказаў міністр.

Гаворачы пра кошт квадратнага метра жылля, Руслан Пархамовіч падкрэсліў, што да канца месяца стаіць задача не перавысіць Br1082. "Па канцы года мы ўкладзёмся ў гранічны нарматыў і плануем пакінуць каэфіцыент не больш як 0,84. Дарэчы, у 2017 годзе гэты каэфіцыент быў 1,06. У наступным годзе таксама плануем яго пакінуць у межах 0,85", - дадаў ён.

Паводле яго слоў, закрыццё граніц паўплывала на тэмпы экспарту, і па выніках работы за дзесяць месяцаў ён склаў 88,6 працэнта да аналагічнага перыяду 2019 года. "Аднак дынаміка станоўчая, і мы плануем выйсці на паказчык 100 працэнтаў да ўзроўню мінулага года", - сказаў міністр.

"У бягучым годзе мы дастаткова сур'ёзна працуем над будаўніцтвам сацыяльных аб'ектаў у Калужскай вобласці. У прыватнасці, пачалі ўзвядзенне дзвюх школ і будзем іх завяршаць у наступным годзе. Таксама мы прадаўжаем работу ў Ленінградскай вобласці, пачалі будаўніцтва дзвюх школ і дзіцячага сада. Акрамя таго, плануем супрацоўнічаць з Пскоўскай, Бранскай і іншымі абласцямі. Таму планы ёсць, яны даволі сур'ёзныя, будзем дасягаць як мінімум тых паказчыкаў, якія ў нас былі ў дакрызісны час", - падагульніў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі