Сцяг Панядзелак, 20 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 лютага 2023, 09:04

Галоўчанка: Віцебская вобласць - унікальны край з багатай гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчынай

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Віцебская вобласць - унікальны край з багатай гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчынай. Аб гэтым сказаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў відэазвароце да ўрачыстага сходу, прысвечанага 85-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Віцебшчына - гэта ўнікальны край з багатай гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчынай. Гэта радзіма Ефрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, пісьменніка-публіцыста і педагога Сімяона Полацкага, стваральніка першага чарцяжа шматступеньчатай ракеты Казіміра Семяновіча і авіяканструктара Паўла Сухога, мастакоў Марка Шагала і Міхаіла Савіцкага", - адзначыў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, дзіўная прырода вобласці і мноства размешчаных на яе тэрыторыі помнікаў археалогіі, гісторыі, культуры і архітэктуры з'яўляюцца гордасцю і здабыткам беларускага народа.

"Прыдзвінскі край славіцца цудоўнымі і працавітымі людзьмі, па праву ганарыцца ратнымі і працоўнымі подзвігамі папярэдніх пакаленняў, якія мужна абаранялі родную зямлю ад варожых нашэсцяў. Асаблівым радком у летапіс рэгіёна ўпісаны падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Больш як 120 тыс. вашых землякоў змагаліся на яе франтах. На акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі 59 партызанскіх брыгад і 2 палкі", - падкрэсліў кіраўнік урада.

Як дадаў прэм'ер-міністр, самаадданая праца гараджан і сельскіх жыхароў у пасляваенныя гады ператварыла Віцебшчыну ў адзін з перадавых, паспяховых рэгіёнаў з высокімі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця.

"Сучасная Віцебшчына - высокаразвіты індустрыяльны рэгіён, які валодае значным патэнцыялам. 2022 год для многіх прадпрыемстваў Віцебскай вобласці склаўся лепш, чым папярэдні. Даволі ўстойліва і з дадатнай дынамікай па большасці напрамкаў спрацаваў увесь рэальны сектар эканомікі. Экспарт тавараў склаў каля $4,8 млрд і вырас у 1,9 раза да 2021 года. Упершыню з 2012 года вобласцю дасягнуты рэкордны знешнегандлёвы абарот з Расійскай Федэрацыяй больш як $5 млрд", - паведаміў Раман Галоўчанка.

Сёння ў вобласці шмат што робіцца для развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі, сацыяльнай і навукова-адукацыйнай сфер. Рэалізуюцца значныя праекты, укараняюцца інавацыі, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестыцый.

"Упэўнены, што жыхары Віцебскай вобласці будуць і далей беражліва захоўваць народную памяць, слаўныя традыцыі, вернасць роднай зямлі і прымнажаць добрую славу Віцебшчыны новымі справамі і здзяйсненнямі", - канстатаваў кіраўнік урада.

Прэм'ер-міністр пажадаў усім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі