Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 студзеня 2022, 19:29

Даступнасць аб'ектаў для інвалідаў абмеркаваў экспертны савет пад кіраўніцтвам Качанавай

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай сёння адбылося пасяджэнне экспертнага савета пры верхняй палаце парламента. У цэнтры ўвагі экспертаў - далейшая аўтаматызацыя ўліку даступнасці аб'ектаў для інвалідаў і фізічна аслабленых людзей, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на сацыяльна-арыентаваным вектары дзяржаўнай палітыкі. "Вы ведаеце, якую ўвагу Прэзідэнт удзяляе сістэме адукацыі, аховы здароўя, сацыяльным напрамкам у нашай краіне. Прыярытэтам нашай палітыкі заўсёды былі і застаюцца людзі. Мы вельмі ўважліва ставімся да таго, аб чым гавораць людзі ў плане сацыяльных напрамкаў. Жыццё паказвае, што гэта абсалютна правільныя падыходы", - сказала яна.

Менавіта таму, звярнула ўвагу спікер, у праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі ўжо існуючыя артыкулы аб сацыяльнай абароне прапануецца дапоўніць палажэннямі аб тым, што для інвалідаў забяспечваюцца роўныя магчымасці для ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. "Дзяржавай рэалізуецца палітыка сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэння даступнага асяроддзя і паляпшэння якасці іх жыцця, падтрымкі сем'яў з інвалідамі. Несумненна, тэма сённяшняга пасяджэння - важна і актуальна для насельніцтва ўсіх рэгіёнаў нашай краіны", - канстатавала старшыня Савета Рэспублікі.

"Ратыфікаваўшы Канвенцыю аб правах інвалідаў, наша краіна выказала волю па стварэнні для людзей з інваліднасцю інклюзіўнага асяроддзя. Гэта задача запатрабавала карэнных змяненняў у праектаванні і будаўніцтве (будынкаў, вулічна-дарожнай сеткі). Распрацаваны новыя будаўнічыя нормы, унесены шэраг змяненняў у дзяржаўныя стандарты. Вектар далейшай работы накіраваны на стварэнне аб'ектаў, поўнасцю даступных для ўсіх грамадзян, не толькі з інваліднасцю. Гэта і пажылыя людзі, цяжарныя жанчыны, дарослыя з дзецьмі на руках або ў калясках, людзі пасля траўмаў", - расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Сёння элементамі даступнага асяроддзя абсталявана 70 працэнтаў аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры краіны. Гэта аб'екты аховы здароўя, адукацыі, сувязі, культуры, фізкультуры і спорту, магазіны, вакзалы. 17 працэнтаў аб'ектаў поўнасцю даступны, але гэтага недастаткова. Задача бягучай пяцігодкі - павялічыць долю поўнасцю даступных для ўсіх грамадзян аб'ектаў да 23 працэнтаў. Такім чынам, колькасць даступных аб'ектаў будзе ўзрастаць, і, каб дапамагчы людзям арыентавацца, Мінпрацы і сацабароны прапануе стварыць інфармацыйны рэсурс.

Прадугледжваецца, што рэсурс дасць магчымасць дзяржорганам адысці ад ручнога збору і прадастаўлення звестак аб даступнасці аб'ектаў, анлайн уносіць і карэкціраваць гэтыя звесткі, аналізаваць стан даступнага асяроддзя для планавання далейшых мерапрыемстваў, у тым ліку па дзяржпраграмах. Актуальныя звесткі аб даступнасці аб'ектаў з інфармацыйнага рэсурсу будуць аўтаматычна перадавацца для размяшчэння на публічнай кадастравай карце, якая даступна для ўсіх грамадзян у інтэрнеце (https://map.nca.by).

Публічная кадастравая карта са звесткамі аб даступнасці аб'ектаў стане віртуальным гідам па горадзе для людзей з абмежаваннямі ў перамяшчэнні. Магчымасць пабудаваць зручны маршрут павысіць іх мабільнасць, дапаможа падтрымліваць сацыяльныя сувязі, весці актыўны і незалежны лад жыцця - наведваць тэатры, музеі, выставы, спартыўныя аб'екты. Размяшчэнне звестак аб даступнасці аб'ектаў на публічнай кадастравай карце - доўгатэрміновы сацыяльны праект рэспубліканскага значэння. У цэнтры гэтага праекта - клопат пра чалавека шляхам стварэння камфортнага асяроддзя для пражывання.

"На экспертным савеце абмяркоўвалася сур'ёзнае пытанне, што датычыцца рэалізацыі сацыяльнай палітыкі, у цэнтры якой, безумоўна, чалавек. Гэта важны напрамак работы дзяржавы, якая павінна праводзіцца комплексна. З улікам таго, што гэтыя пытанні актуальныя для ўсіх рэгіёнаў, дадаткова прагучала шмат канкрэтных і рацыянальных прапаноў, абагульняўся вопыт асобных рэгіёнаў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя, - канстатаваў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце, фінансах, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў. - У нас у Наваполацку гэта работа арганізавана на міжведамасным узроўні. Актыўна прыцягваем грамадскія аб'яднанні інвалідаў, каб улічваць іх патрэбы".

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі падкрэсліў: да стварэння безбар'ернага асяроддзя трэба падыходзіць дыферэнцыравана. "Калі гэта вялікі горад - Мінск, абласныя цэнтры, - то вышэй шчыльнасць насельніцтва, больш фінансавых магчымасцей. На сёння развіццё ідзе ад цэнтра да рэгіёнаў. На ўзроўні рэгіёна сітуацыя можа адрознівацца ад сітуацыі ў вялікіх гарадах. На жаль, у аграгарадках, раённых цэнтрах на гэты час няма дамоў з ліфтамі, - падзяліўся ён. - Напрыклад, у горадзе Століне пражываюць 37 інвалідаў-калясачнікаў, з іх 29 жывуць на другім паверсе і вышэй у дамах без ліфтаў. Вядома ж, сёння галоўная задача мясцовай выканаўчай улады - вырашыць пытанне праз падменны фонд або неяк іншымі спосабамі стварыць безбар'ернае асяроддзе пры выхадзе з дома. Наступны этап - стварэнне безбар'ернага асяроддзя для наведвання аб'ектаў сацыяльнай сферы і сацыяльных паслуг".

Паводле слоў старшыні Паралімпійскага камітэта Беларусі Алега Шэпеля, за апошнія гады ў краіне зроблена шмат для інклюзіўнага асяроддзя. "На сёння ўсе будаўнічыя нормы прыведзены ў адпаведнасць, аб'екты, якія будуюцца або рэканструююцца, павінны ўжо мець безбар'ернае асяроддзе. База даных, якую Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапануе, - важкі крок наперад", - упэўнены ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі