27 красавіка, Нараўлянскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе паездкі ў Нараўлянскі раён заслухаў даклад аб ходзе пасяўной у рэспубліцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як далажыў кіраўніку дзяржавы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, на сённяшні дзень у Беларусі практычна завершана сяўба ранніх яравых культур. У Віцебскай вобласці засталося засеяць 8 тыс. га, але да 1 мая гэтыя работы плануюць завяршыць.
Што датычыцца ўсёй яравой сяўбы, то на 27 красавіка яна завершана напалову. Аграрыі амаль завяршылі сяўбу цукровых буракоў і лёну-даўгунцу, пасеялі пятую частку кукурузы ад запланаванага аб'ёму, пачалі пасадку бульбы.
"Трэба, каб была падрыхтавана глеба. Дзень і ноч можна папрацаваць і пасеяць. Цягнуць ужо не трэба, трэба сеяць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу і на неабходнасць унясення арганічных угнаенняў: "Без арганікі жыць немагчыма. Арганіка патрэбна".
Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі, як мяняецца структура пасяўных плошчаў за дзесяць гадоў. Плошча пасеваў збожжавых каласавых была зменшана амаль на 150 тыс. га. Пры гэтым плошча пасеваў кукурузы на зерне павялічылася больш як у два разы. За кошт гэтага аграрыі плануюць выходзіць на ўзровень 3 млн т зерня кукурузы.
Даклад аб ходзе веснавых палявых работ Аляксандр Лукашэнка заслухаў на эксперыментальнай базе "Крынічная" ў Нараўлянскім раёне. У сувязі з гэтым беларускі лідар спыніўся на тэме сельскай гаспадаркі ў гэтых мясцінах і высока ацаніў узровень земляробства. "За Прыпяццю тут вельмі высокі ўзровень земляробства не толькі для прыпяцкіх раёнаў, але і ўвогуле для краіны - калі гэта так усюды", - падкрэсліў ён.-0-
