27 красавіка, Нароўля /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час вялікай камандзіроўкі ў Гомельскую вобласць наведаў ААТ "Чырвоны мазыранін", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Для дэгустацыі была прапанавана як самая папулярная прадукцыя "Чырвонага мазыраніна" і фабрыкі "Спартак", так і навінкі.
Цукеркі "Кароўка" называюць хітом "Чырвонага мазыраніна". Іх да гэтага часу вырабляюць па сваёй класічнай рэцэптуры, якая не мянялася з 1947 года з выкарыстаннем сметанковага масла. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добра ведае гэту прадукцыю.
Ад "Спартака" была прадстаўлена ў тым ліку лінейка прысмакаў без цукру, прадукцыя для дзяцей. Напрыклад, пячэнне "Печаняшкі", вафельныя вырабы "Крошкі-васьміножкі".
"Малайцы, робіце добра, - ацаніў Прэзідэнт. - Але не губляйце рынкі, і знешнія таксама", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы.
Як далажылі Прэзідэнту, асноўным рынкам збыту для "Чырвонага мазыраніна" з'яўляецца ўнутраны рынак, на ім фабрыка рэалізуе каля 70 працэнтаў сваёй прадукцыі. Асноўным пакупніком кандытарскіх вырабаў "Чырвонага мазыраніна" за мяжой з'яўляецца Расія. Але прысмакі, вырабленыя на кандытарскай фабрыцы ў Нароўлі, таксама пастаўляюцца ў Азербайджан, Арменію, Казахстан. У планах у прадпрыемства - выхад на рынкі такіх краін, як Кітай, Узбекістан, Таджыкістан.
Цяпер на "Чырвоным мазыраніне" завершана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта ў рамках ініцыятывы "Адзін раён - адзін праект". Размова ідзе аб рэканструкцыі ірыснага ўчастка з укараненнем новага абсталявання. Кошт праекта склаў 4,5 млн рублёў, а яго рэалізацыя дала магчымасць паскорыць працэс вырабу прысмакаў і павысіць прадукцыйнасць лініі больш як у два разы.
"Пра новую лінію і яе запуск вы мне прасігналізавалі сваёй прадукцыяй. Мне перадалі вашу прадукцыю, - з усмешкай адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І я ўзрадаваўся, што на "Чырвоным мазыраніне" нарэшце ірыс вырабляць пачалі, і па рэцэптуры старой".
Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з работай новай лініі вытворчасці ірысу. Нягледзячы на высокатэхналагічнае абсталяванне, рэцэптура не мяняецца больш як 80 гадоў, а для вырабу ірысу выкарыстоўваюцца толькі натуральныя інгрэдыенты, - напрыклад, ужо згаданае сметанковае масла і згушчанае малако.
На "Чырвоным мазыраніне" рэалізуецца і іншы інвестпраект, яшчэ больш маштабны і амбіцыйны. Гэта рэканструкцыя цукерачна-мармеладнага цэха з устаноўкай аўтаматызаванай лініі па вытворчасці пасцілы. Кошт праекта складае 11 млн рублёў, тэрміны рэалізацыі - 2024-2027 гады. Устаноўка аўтаматызаванай лініі дасць магчымасць павялічыць выпуск і пашырыць асартымент запатрабаванай прадукцыі фабрыкі.-0-
