25 красавіка, Петрыкаў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе на аптымізацыю ўстаноў аховы здароўя. Аб гэтым ён заявіў у час наведвання Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу спытаў пра структуру бальніцы і ў цэлым устаноў аховы здароўя раёна. Яму далажылі, што сюды ўваходзяць у тым ліку дзве ўчастковыя бальніцы, 22 ФАПы, 7 амбулаторый урача агульнай практыкі. Размова зайшла аб тым, наколькі аптымальна і апраўдана такая структура.
"Трэба разабрацца, каб мы не трацілі лішнія грошы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я не за тое, каб пазакрываць ФАПы, бальніцы ўчастковыя. Але трэба паглядзець там, дзе трэба".
"Я для сябе раблю выснову. Трэба даручыць міністру аховы здароўя, каб ён яшчэ раз прайшоўся па краіне і паглядзеў, дзе нам што трэба, дзе не трэба, - сказаў Прэзідэнт. - Разам трэба паглядзець. Можа, недзе дабавіць трэба ФАПы і гэтак далей".
Напрыклад, што датычыцца ўчастковых бальніц у тых рэгіёнах, дзе змяншаецца колькасць насельніцтва, разумны падыход - гэта частковае выкарыстанне іх базы для арганізацыі пансіянатаў кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту.
Наконт ФАПаў Прэзідэнт адзначыў, што яны важны для людзей, асабліва ў сельскай мясцовасці. І ён не выступае за нейкае канкрэтнае рашэнне. Але зыходзіць трэба з мэтазгоднасці.
Пасля кароткага даклада кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй работы акушэрска-гінекалагічнага корпуса Петрыкаўскай ЦРБ, паразмаўляў з медперсаналам і пацыенткамі.
Корпус быў пабудаваны ў 1993 годзе, а ў 2021-2022 гадах тут правялі капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі. На базе корпуса функцыянуюць аддзяленне гінекалогіі, кабінеты акушэраў-гінеколагаў, кабінет кардыятакаграфіі, аддзяленне дзённага знаходжання, радзільная зала і іншыя неабходныя для жанчын памяшканні.
"Шыкоўныя ўмовы. Для жанчын не шкада, якія нараджаюць", - ацаніў корпус кіраўнік дзяржавы.
Загадчыкам гінекалагічнага аддзялення бальніцы ўжо 11 гадоў з'яўляецца Бахлаван Мухамад Фадзі. Мужчына атрымаў грамадзянства Беларусі і гадуе разам з жонкай траіх дзяцей. "Ні ў якім выпадку ў Сірыю не адпускаць. Разумеем, што ім там дапамога патрэбна, і мы гатовы. Але туды мы цябе ўжо не адпусцім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт цёпла пагутарыў з пацыенткамі, якія ў бліжэйшы час чакаюць нараджэння малышоў. "Можна ў святое памяшканне зайсці? Як вы настроены нараджаць?" - уваходзячы ў адну з палат, з усмешкай пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ў пацыентак. Жанчыны адказалі, што настроены пазітыўна і знаходзяцца ў выдатным настроі.-0-
