15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць адраснасць сацыяльнай падтрымкі. Аб гэтым ён заявіў, прымаючы чыноўнікаў з дакладам аб удасканаленні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пазіцыю маю вы ведаеце: мы павінны падтрымліваць тых, каго трэба падтрымліваць, а той, хто павінен працаваць і зарабляць сам, - павінен працаваць і зарабляць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што ў адваротным выпадку вынікам такой падтрымкі стане ўтрыманства.
У якасці прыкладу такой памылковай сацыяльнай палітыкі Аляксандр Лукашэнка прывёў Германію і іншыя краіны Заходняй Еўропы. "Цяпер узнімаюць на Захадзе вельмі сур'ёзна пытанне міграцыйнай палітыкі. А адкуль яно ўзнікла? З запрашэння ў Германію (працаваць няма каму) людзей. І вялікіх грошай, што яны выдавалі тым людзям, якія прыязджалі. Сёння абдумаліся. А адкруціць назад у такой магутнай краіне, як Германія, цяжкавата. Ды і сілы волі не хапае ў пэўных палітыкаў", - адзначыў Прэзідэнт.
"Таму мы самі сябе не павінны заганяць вось у гэту пастку. Ні ў якім разе, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Трэба (калі ёсць такая неабходнасць. - Заўвага БЕЛТА) - трэба дапамагчы. Але грошы павінны дайсці таму, каму мы дапамагаем, каму мы хочам дапамагчы".
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні ў сферы сацыяльнай падтрымкі, трэба ўлічваць цяперашнюю няпростую сітуацыю.
"Можам ці не можам? Які ад гэтага будзе эфект?" - арыентаваў чыноўнікаў кіраўнік дзяржавы.-0-