Сцяг Аўторак, 28 красавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 красавіка 2026, 10:27

Лукашэнка запаліў велікодную свечку ў адным з вясковых храмаў

12 красавіка, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запаліў велікодную свечку ў храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аграгарадку Еўдакімавічы Шклоўскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

У храме беларускі лідар традыцыйна запаліў велікодную свечку, паразмаўляў з прыхаджанамі і свяшчэннікамі. 
"Прыемна бачыць вашы добрыя і як заўсёды ўсмешлівыя вочы. Прыемна бываць у такім храме. Шчыра кажучы, гэта любімыя мае храмы - якія пабудаваны проста, без пампезнасці, асабліва калі яны выкананы ў дрэве", - сказаў кіраўнік дзяржавы. 

"Мая задача - прыехаць да вас, у гэты храм, святое месца, і выканаць сваё любімае дзейства - паставіць свечку. Гэта самае любімае, што ў мяне ёсць, калі я прыходжу ў храм. Разам з вамі я гэта зрабіў", - дадаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свята Вялікадня ён як правіла наведвае невялікія вясковыя храмы. Калі надышоў час вызначыцца, куды ехаць, Прэзідэнт без усялякіх ваганняў выбраў Еўдакімавічы. "Шмат гадоў таму я бываў тут не аднойчы. Памятаю, недзе тут была ферма. Памятаю кожны кіламетр дарогі. Тым больш што я раней працаваў з вамі. Памятаю кіраўніка вашай гаспадаркі, Аляксандра Андрэевіча Папкова, з якім давялося яшчэ працаваць у Мінску", - расказаў кіраўнік дзяржавы. 

Ён прызнаўся, што паездкі ў родныя мясціны заўсёды выклікаюць шмат добрых успамінаў пра былыя часы, хоць яны і былі няпростымі: "Вельмі цяжка было. Але заўсёды было і будзе цяжка. Такое наша жыццё, дараванае нам Госпадам Богам, каб мы не закаснелі, каб варушыліся". 

Прэзідэнт падзякаваў прыхаджанам за тое, што яны прыйшлі на гэту сустрэчу, і выказаў цёплыя пажаданні з нагоды Вялікадня. "Я жадаю вам здароўя. Усё астатняе мы знойдзем. Як я часта гавару, не знойдзем - купім не за вялікія грошы. А здароўя не купіш. І Бог гэта здароўе нам дасць толькі тады, калі мы самі будзем імкнуцца мець нармальнае здароўе. Будзем рабіць усё ў імя здароўя. Няхай за ўсе вашы турботы ў вас будзе добрае і шчаслівае жыццё. Асабліва ў вашых дзяцей", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка. 

Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца быў узведзены ў 2017 годзе на сродкі мецэната са Шклова. Раней на гэтым месцы размяшчалася драўляная царква Святога прарока Ільі, якая была пабудавана ў 1841 годзе і праіснавала да 1951 года. 

Сучасны храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца ўяўляе сабой будынак крыжападобнай формы з чатырма невялікімі купаламі на скрыжаваннях і светлавым барабанам у цэнтры. На знешнім баку цэнтральнага скрыжавання - абраз Свяціцеля Мікалая Цудатворца, у гонар якога храм у Еўдакімавічах атрымаў сваю назву. На скляпеннях даху таксама размяшчаюцца абразы святых. На драўлянай званіцы храма можна ўбачыць восем званоў. 

Сярод святынь храма - каўчэг з часцінкамі мошчаў Свяціцеля Мікалая Цудатворца, абразы Свяціцеля Мікалая Цудатворца, прападобных Серафіма Сароўскага і Сергія Раданежскага.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі