9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі рады прымаць працавітых людзей з Узбекістана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з паслом Узбекістана ў Беларусі Рахматулой Назаравым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Шмат узбекаў жыве ў нас. І хочуць жыць і працаваць. Гэта нашы людзі. Мы з вялікім задавальненнем, асабліва сямейных людзей, запрашаем да сябе. У нас, на жаль, не такі рост, як у вас, народанасельніцтва. Таму мы заўсёды рады бачыць вельмі працавітых узбекскіх людзей, калі яны вырашаць сюды прыехаць", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў плане прыёму мігрантаў у Беларусі ёсць строгі парадак: "Напэўна, гэта нават лепш для тых, хто прыязджае. Яны дакладна разумеюць, што мы бяром людзей на канкрэтную работу. Мы ім прадастаўляем усе магчымасці, паслугі для іх дзяцей - яслі, сад, школа, адукацыя вышэйшая. На роўных з беларусамі, расіянамі, украінцамі і іншымі. Калі ласка, прыходзьце, канкурыруйце".
"Магчымасці ў нас вялікія. З задавальненнем людзі едуць, працуюць. Таму ў гэтых адносінах мы гатовы з нашымі братамі з Узбекістана працаваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ведаем, што вы ў гады Вялікай Айчыннай вайны нямала зрабілі для беларусаў. Многія з нашых людзей знаходзілі прыстанішча ва Узбекістане, да іх ставіліся па-чалавечы. У гэтым плане мы крыху ў даўгу перад вамі. Хоць гэта было ў рамках адной краіны".-0-
