11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь праз два гады будзе гатова да правядзення чэмпіянату Еўропы па футболе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам у час наведвання Студэнцкай вёскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што II Еўрапейскія гульні Беларусь правядзе на высокім узроўні, а праз пару гадоў з задавальненнем арганізуе і больш вялікія спаборніцтвы, напрыклад, чэмпіянат Еўропы па футболе. Праўда, для гэтага ў краіне неабходна пабудаваць умяшчальны нацыянальны стадыён. Узвесці гэты аб'ект разам з плавальным басейнам сусветнага ўзроўню паабяцалі ўжо кітайскія партнёры. Макеты будучых збудаванняў Старшыня КНР Сі Цзіньпін прэзентаваў Аляксандру Лукашэнку ў час яго нядаўняга візіту ў Кітай. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, гэтыя аб'екты вельмі дарагія і кітайскія партнёры павялі сябе яе сапраўдныя сябры, калі ўзяліся за іх узвядзенне.
"У нас хапае іх (басейнаў. - Заўвага БЕЛТА), але такога ўзроўню, каб праводзіць этапы кубка свету, чэмпіянаты Еўропы па водных відах спорту, у нас няма. Расіяне малайцы: пабудавалі ў Казані такі басейн. Вось такога тыпу Кітай нам пабудуе за ўласны кошт, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта падарунак кітайскага народа беларускаму. Мы гэта ў бліжэйшыя два гады зробім, і тады можам замахнуцца на што хочаце".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для краіны важна нават не столькі колькасць спартыўных пляцовак, а дух і настрой, якім жывуць людзі ў час правядзення такіх мерапрыемстваў. Ён успомніў, як у час чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе за спаборніцтвамі сачыла ўся Беларусь, а турнір жа праходзіў у Мінску ўсяго на дзвюх арэнах. "Наша алімпіяда павінна быць самай душэўнай, і каб усе людзі ў Беларусі жылі гэтай алімпіядай і ведалі, што гэта яны прывезлі гэта свята ў краіну і зрабілі для гэтага нямала. Душэўнасць адпавядае менталітэту нашага народа, гэта ў генах нашых людзей. Мы гэту дабрыню падорым усім, хто прыедзе да нас на гульні", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Наконт падрыхтоўкі сталіцы да спартыўных стартаў, якія набліжаюцца, Прэзідэнт падкрэсліў, што Мінск - ідэальны горад для жыцця, і менавіта такім яго павінны ўбачыць госці. Няхай беларуская сталіца не такая багатая, як Масква, але многія вядомыя расіяне любяць бываць тут і нават купляюць зямлю і жыллё, заўважыў кіраўнік дзяржавы.
"У Сяргея Дарэнкі (царства яму нябеснае) тут чатыры кватэры. Ён мне гаварыў аб тым, што тут жыве. Дзе б ён што ні гаварыў, але я ведаю яго меркаванне пра Мінск: гэта самае зручнае месца для дзяцей. І дзеці яго часта тут бывалі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны паказаць, якім павінен быць узорны мегаполіс для жыцця людзей. Той Мінск, які бачыце цяпер, не стварае ўражання каменнага мяшка".-0-