Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
28 верасня 2021, 13:12

Мезенцаў разлічвае, што прэзідэнты Беларусі і Расіі зацвердзяць саюзныя праграмы да канца года

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў разлічвае, што прэзідэнты Беларусі і Расіі зацвердзяць саюзныя праграмы да канца года. Аб гэтым ён заявіў у час Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "30 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзмітрый Мезенцаў нагадаў: нядаўна ўрады Беларусі і Расіі адобрылі 28 саюзных праграм, якія дазваляюць аб'яднаць патэнцыял дзвюх краін на карысць большай канкурэнтаздольнасці Саюзнай дзяржавы на знешніх рынках, цеснага супрацоўніцтва даследчых устаноў, больш глыбокага міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. "Мы чакаем у бягучым годзе пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы і што кіраўнікі нашых дзяржаў зацвердзяць саюзныя праграмы, якія вызначаць прамысловую, падатковую, мытную, навукова-даследчую палітыку, а таксама дзясяткі іншых напрамкаў. Настаў час, калі краіны-ўдзельніцы СНД больш гатовы вывучыць напрацоўкі Саюзнай дзяржавы", - сказаў ён.

"Але акрамя відавочнай эканамічнай выгады, нам важна помніць аб тым унікальным узаемадзеянні, якое характарызуе СНД і Саюзную дзяржаву. Гэта практыка даверу, павагі да адзінай гісторыі, імкненне да ўзаемавыручкі. Вельмі важна перадача сацыяльнай памяці аб гэтым ад старэйшага пакалення тым, хто ўступае ў дарослае жыццё, - адзначыў дзяржсакратар. - Мы сёння бачым, наколькі складаныя знешнія выклікі і пагрозы на міжнароднай арэне, які беспрэцэдэнтны націск зведваюць Беларусь і Расія. Усім стала зразумела, што паасобку процістаяць гэтым выклікам і пагрозам практычна немагчыма. Апошнія два гады барацьбы з COVID-19 паказваюць, што такое ўзаемавыручка, таварыства".

Дзмітрый Мезенцаў адзначыў: ствараецца сумесны расійска-беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. "Мы гаворым і пра станаўленне адзінай інфраструктуры фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў Саюзнай дзяржавы, аб сумеснай рабоце над прабіятычнай вакцынай, якая дапоўніць шэраг вакцын для барацьбы з COVID-19. Сёння распрацоўваюцца сумесныя праграмы ў самых высокатэхналагічных галінах, на перадавых рубяжах генетыкі, біялогіі, якія маюць і прыкладное значэнне. Унікальным становіцца ўзаемадзеянне ў галіне мірнага атама, ядзернай медыцыны", - рэзюмаваў ён.

Сёння ў Мінску праходзіць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "30 гадоў Садружнасці Незалежных дзяржаў: вынікі, перспектывы". Арганізатар - Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Выканаўчы камітэт СНД. На канферэнцыі плануецца падвесці вынікі 30-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў і выпрацаваць канкрэтныя рэкамендацыі па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці Садружнасці на перспектыву. Мерапрыемства праходзіць пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі