Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
26 красавіка 2022, 13:40

Беларуская дэлегацыя мае намер удзельнічаць у памятных мерапрыемствах у мемарыяльным комплексе "Маўтгаўзен" у Аўстрыі

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасольства Беларусі мае намер прыняць удзел у памятных мерапрыемствах на тэрыторыі былога канцлагера Маўтгаўзен у Аўстрыі. Аб гэтым заявіў журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз, словы якога прыведзены на сайце МЗС, паведамляе БЕЛТА.

"Мы ўважліва азнаёміліся з паведамленнямі ў аўстрыйскай прэсе, але па факце сітуацыя выглядае так: пасольства Беларусі ў Вене яшчэ месяц таму атрымала адпаведнае афіцыйнае запрашэнне на памятную цырымонію ў Маўтгаўзене. Па стане на сённяшні дзень ніхто гэта запрашэнне ў нас не адклікаў. Таму, хто б што у аўстрыйскай прэсе ні заяўляў, пасольства Рэспублікі Беларусь запрошана, мае намер і будзе ўдзельнічаць у памятных мерапрыемствах", - падкрэсліў ён.

Анатоль Глаз звярнуў увагу, што беларускія дыпламаты штогод бываюць на гэтым памятным месцы па патрабаванні сэрца, а не па нейкіх запрашэннях. "Гэта наш святы абавязак, які мы выканаем. Нават калі нехта вырашыць цяпер нешта фармальна ў тэрміновым парадку адклікаць, мы ўсё роўна паедзем аддаць даніну памяці. Мы - нашчадкі народа-пераможцы, мы - нашчадкі народа-вызваліцеля. Большасць ахвяр гэтага канцлагера ў Аўстрыі - грамадзяне рэспублік былога Савецкага Саюза, таму ніхто не мае права забараніць нам гэта зрабіць", - заявіў прадстаўнік МЗС.

Беларускі бок, паводле яго слоў, паважае работу міжнароднага, аўстрыйскага камітэтаў, адміністрацыі мемарыяльнага комплексу "Маўтгаўзен", узаемадзейнічае з імі шмат гадоў. "Але памяць аб ахвярах канцлагера - гэта не іх прыватная ўласнасць. Па сутнасці, ім было даверана гэту памяць ахоўваць, што яны і павінны рабіць, але ніяк не прыватызаваць гэту памяць", - упэўнены прэс-сакратар.

"Таму яшчэ раз паўтару: беларуская дэлегацыя скарыстаецца сваім законным правам і ўшануе памяць ахвяр канцлагера. Паколькі Аўстрыя лічыць сябе свабоднай дэмакратычнай краінай, з гэтым праблем быць не павінна. Іншае будзе азначаць, што ад аўстрыйскага нейтралітэту, які якраз быў абвешчаны, каб падзеі тых гадоў не паўтараліся, сёння ўжо амаль нічога не засталося", - рэзюмаваў Анатоль Глаз. Ён таксама дадаў, што і ў Беларусі ёсць памятныя мясціны для аўстрыйскіх грамадзян, у тым ліку мемарыяльны комплекс "Трасцянец". І беларусам ніколі ў галаву не прыйдзе абмежаваць грамадзян Аўстрыі ў магчымасці прыйсці, пакланіцца, аддаць даніну памяці сваім продкам і суайчыннікам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі