Самае галоўнае ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве (ДПП) - сістэма гарантый. Такое меркаванне выказаў 25 лістапада журналістам старшыня прэзідыума саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Уладзімір Карагін на парламенцкіх слуханнях па ДПП, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Самае галоўнае ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве - гэта сістэма гарантый. Безумоўна, у працэсе рэалізацыі і падрыхтоўкі закона, у працэсе рэалізацыі ДПП воляй ці няволяй давядзецца перагледзець усё наша заканадаўства", - сказаў Уладзімір Карагін.
Старшыня прэзідыума прадпрымальніцкай арганізацыі падкрэсліў, што ДПП - актуальная тэма як для Беларусі, так і наогул для ўсяго свету. "Ведаю, што расійскія банкі, расійскія структуры хочуць прыцягнуць па сістэме ДПП да 2020 года больш за $2 трлн. Вядома, і Беларусь можа прыцягнуць сур'ёзныя інвестыцыі і падняць нацыянальнага інвестара для шэрага праектаў", - лічыць ён. Эксперт дадаў, што трэба падрыхтаваць свайго - беларускага - інвестара, для чаго неабходна істотна змяняць дзелавы клімат.
Акрамя таго, Уладзімір Карагін адзначыў, што ўжо больш за 10 гадоў у Беларусі не праводзіліся парламенцкія слуханні, якія датычацца прадпрымальніцтва. "Вельмі важна, што слуханні сёння праходзяць, што існуе цэнтр ДПП, што існуе міжнародная ацэнка беларускай гатоўнасці да рэалізацыі дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэта стварае пазітыўныя перадумовы для поспеху гэтай работы", - рэзюмаваў ён.
