Стабільнасць у грамадстве аказвае станоўчы ўплыў на дэмаграфію. Такім меркаваннем падзяліўся 12 студзеня з журналістамі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок пасля ўрачыстага адкрыцця новага спальнага корпуса Віцебскага кадэцкага вучылішча.
Цяпер у Віцебскай вобласці вядзецца будаўніцтва сямі аб'ектаў сістэмы адукацыі, у асноўным гэта дашкольныя ўстановы. Практычна гатова да ўводу першая чарга комплексу "Дзіцячы сад - пачатковая школа" ў Наваполацку. Другую чаргу ўстановы таксама плануецца завяршыць у бягучым годзе.
Дзіцячыя сады і школы будуюцца там, дзе ў гэтым сапраўды ёсць неабходнасць. "Да такіх пытанняў трэба падыходзіць узважана, укладаючы грошы, неабходна падлічваць сітуацыю наперад. На жаль, у нас ёсць прыклады, калі 15-20 гадоў таму пабудаваныя школы сёння ўжо не запатрабаваны", - сказаў начальнік упраўлення, падкрэсліўшы, што такое марнатраўства недапушчальна.
Разам з тым субяседнік канстатаваў, што дэмаграфічная сітуацыя ў рэгіёне апошнім часам паляпшаецца. "Штогод павялічваецца колькасць дзяцей у дашкольных установах, гэта лічба ўжо набліжаецца да 60 тыс. - кожны год колькасць выхаванцаў дзіцячых садоў прырастае на 400-700 чалавек. І самае галоўнае, у бягучым навучальным годзе ў нас упершыню за апошні час з'явіўся прырост і ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Стабільнасць у грамадстве і дзяржаве станоўча ўплывае на дэмаграфію і адлюстроўваецца ў сістэме адукацыі", - рэзюмаваў Іван Шчурок.
Новы спальны корпус урачыста адкрыты сёння ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы (гарадскі пасёлак Лужасна пад Віцебскам). Мерапрыемства ў гонар гэтай падзеі з удзелам намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Цярэнцьева, начальніка ўпраўлення адукацыі Івана Шчурка і прадстаўнікоў кіраўніцтва раёна стала завяршальным акордам рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці" ў рэгіёне.
