Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Стужка навiн
24 лютага 2022, 09:59

Беларускія паралімпійцы гатовы паспяхова выступіць на Гульнях у Пекіне

24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены з абмежаванымі магчымасцямі выканалі ўсе планы падрыхтоўкі і гатовы паспяхова выступіць на Паралімпіядзе-2022 у Пекіне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказаў старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель.

Паводле яго слоў, усё, што было намечана ў плане трэніровачных збораў і выступленняў на міжнародных турнірах, выканана дзякуючы фінансавай дапамозе дзяржавы. Зусім нядаўна, у канцы студзеня, беларускія паралімпійцы паказалі нядрэнныя вынікі на чэмпіянаце планеты ў нарвежскім Лілехамеры, заваяваўшы 10 медалёў. У актыве беларусаў чатыры залатыя і па тры сярэбраныя і бронзавыя ўзнагароды ў спаборніцтвах па біятлоне і лыжных гонках. Двойчы на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару падымаліся Святлана Саханенка, у якой таксама адзін сярэбраны медаль і бронзавы ў складзе змешанай эстафетнай каманды разам з Валянцінай Шыц, Аркадзем Шыкуцем і Мікітам Ладзесавым. Дзве ўзнагароды вышэйшай пробы паклаў у скарбонку беларускай зборнай Юрый Голуб. У яго актыве таксама адзін бронзавы медаль. Валянціна Шыц акрамя эстафетнай бронзы заваявала яшчэ два сярэбраныя медалі і адну бронзу ў асабістых гонках сусветнага першынства.

Гаворачы аб медальных перспектывах у Пекіне, Алег Шэпель адзначыў, што ўсе нашы прызёры мінулага сусветнага першынства маюць рэальныя шанцы заваяваць узнагароды і ў кітайскай сталіцы. Акрамя таго, не трэба скідаць з рахунку і іншых атлетаў, у прыватнасці вопытнага Васіля Шапцябоя.

Папярэдняя Паралімпіяда ў Пхёнчхане-2018 стала для беларусаў самай удачнай за ўвесь час: яны заваявалі тузін медалёў - па чатыры залатыя, сярэбраныя і бронзавыя ўзнагароды, заняўшы 8-е месца ў медальным заліку. Чатыры гады таму Святлана Саханенка стала трохразовай чэмпіёнкай у лыжных гонках, Юрый Голуб зарабіў золата і серабро ў біятлонных дысцыплінах, а ў лыжных гонках заваяваў серабро і бронзу. Праўда, адзначыў Алег Шэпель, чатыры гады таму ў Пхёнчхане не выступалі галоўныя фаварыты - расійскія паралімпійцы, якія маглі "адабраць" у беларусаў некалькі ўзнагарод, а цяпер расіяне вяртаюцца на галоўныя старты пасля дыскваліфікацыі.

Для беларускіх зімовых паралімійцаў Гульні ў Пекіне будуць восьмымі, на сямі папярэдніх было завявана 35 узнагарод - 8 залатых, 11 сярэбраных і 16 бронзавых.

XIII зімовыя Паралімпійскія гульні пройдуць у кітайскай сталіцы з 4 па 13 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі