Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 лютага 2019, 17:25

Беларускія прадукты харчавання прадстаўлены на выстаўцы Gulfood у Дубаі

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя беларускіх вытворцаў Belarus. The Taste of Nature арганізавана на маштабнай выстаўцы харчовых тавараў Gulfood 2019, якая праходзіць у Дубаі (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) з 17 па 21 лютага. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў выставачным унітарным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Сваю прадукцыю прадставілі дзевяць беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў: Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, Лідскі малочнакансервавы камбінат, Мінскі малочны завод нумар 1, Тураўскі малочны камбінат, Слонімскі мясакамбінат, дзяржпрадпрыемства "Малочны гасцінец", ААТ "Малочная кампанія "Навагрудскія дары", ТАА "Праймілк" і СП ААТ "Спартак". Гэтыя прадпрыемствы маюць міжнародныя сертыфікаты адпаведнасці патрабаванням ISO па сістэме менеджменту якасці і бяспекі харчовых прадуктаў, а дэманструемая імі на выстаўцы прадукцыя мае сертыфікаты "Халяль".

У цырымоніі адкрыцця беларускай экспазіцыі прынялі ўдзел намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло, генеральны консул Беларусі ў Дубаі Ігар Бондараў. У праграме работы экспазіцыі значацца семінары і прэзентацыі айчыннай прадукцыі ў фармаце B2B з запрашэннем бізнесменаў з ААЭ. Сёння БелГПП сумесна з Гандлёва-прамысловай палатай Дубая арганізавалі Gulfood Breakfast Briefing, у час якога былі разгледжаны тэндэнцыі развіцця харчовага сектара ААЭ. Акрамя таго, на палях выстаўкі праходзяць тэматычныя канферэнцыі і прафесійныя конкурсы.

Беларуская экспазіцыя арганізавана пры падтрымцы БелГПП, пасольства Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Гандлёва-прамысловай палаты Дубая, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, канцэрна "Белдзяржхарчпрам".

"ААЭ - трэці ў свеце рээкспартны рынак. Гэта краіна гандлюе больш як з 220 краінамі свету, з'яўляецца ключавым вузлом рээкспарту харчовай прадукцыі ў рэгіёне Персідскага заліва", - адзначылі ў "Белінтэрэкспа".

Gulfood уваходзіць у тройку буйнейшых у свеце выставак прадуктаў харчавання. У гэтым годзе ў ёй удзельнічаюць больш за 5 тыс. кампаній са 100 краін.-0-

Фота "Белінтэрэкспа"

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі