Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 лістапада 2021, 18:33

Музейную экспазіцыю адкрылі ў адноўленым сядзібным доме Напалеона Орды

26 лістапада, Іванава /Кар. БЕЛТА/. У вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна адкрылі музейную экспазіцыю ў адноўленым сядзібным доме Напалеона Орды, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сядзібны дом ва ўрочышчы Чырвоны Двор пачалі аднаўляць у 2009 годзе. З-за недахопу фінансавання будоўля прыпынялася. У 2019 годзе дзякуючы гранту фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ўдалося завяршыць будаўніча-мантажныя работы. За кошт мясцовага бюджэту і спонсарскіх сродкаў праведзена музеефікацыя. Пастаянная экспазіцыя расказвае пра жыццё і побыт шляхты сярэдняга дастатку.

Пакуль для наведвання адкрыты 12 залаў. Там абсталявалі рабочы кабінет, майстэрню, гасцявую, сталовую, буфетную, залу прыёму гасцей, пакоі маці мастака Юзафіны Бутрымовіч і яго пляменніцы Хелены Скірмунт. Выстаўлена больш за 110 экспанатаў. Сярод іх сустракаюцца ўнікальныя прадметы побыту XIX стагоддзя, сабраныя з прыватных калекцый і работы настаўнікаў-мастакоў Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Н.Орды. Паступова напоўняць экспанатамі і астатнія памяшканні ў доме.

"Напалеон Орда пакінуў пасля сябе вялікі гістарычны след. Хочацца падзякаваць тым, хто пачаў гэты няпросты шлях па аднаўленні сядзібнага дома, і давёў справу да канца. Шчыра рады, што мы знаходзім сілы і сродкі і аднаўляем нашу спадчыну, - сказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк. - У Брэсцкай вобласці ёсць нямала гістарычных мясцін, якімі мы ганарымся і спрабуем іх аднаўляць. Гэта вельмі добра для захавання гістарычнай памяці, развіцця ўнутранага турызму".

Напалеон Орда пакінуў пасля сябе вялікую спадчыну. У тым ліку дзякуючы яго ўласнаму малюнку ўдалося аднавіць радавое гняздо, таму што маёнтак быў спалены ў вайну. Яшчэ адзін ключавы дакумент - інвентарнае апісанне маёнтка 1835 года. У ім быў апісаны будынак, колькасць пакояў, аж да таго, у які бок адчыняліся дзверы. Інфармацыю збіралі па крупінках: з архіваў, літаратуры, успамінаў сучаснікаў.

"Працэс быў творчы і даволі напружаны. Нам хацелася ўзнавіць аўтэнтыку. Часам былі складанасці, але ў выніку ў нас усё атрымалася. Вядома, спатрэбіцца яшчэ не адзін год для прадаўжэння работы, пошуку інфармацыі. Іванаўская зямля славіцца сваімі землякамі. Нам ёсць што расказаць і паказаць гасцям", - падкрэсліў старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатоль Ткачук.

Напалеон Орда нарадзіўся ў 1807 годзе ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета (Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Памёр у Варшаве, але па завяшчанні яго цела было перавезена і пахавана ў фамільным склепе ў горадзе Янава (цяпер Іванава). Жыхары Іванаўскага раёна з шанаваннем адносяцца да памяці аб сваім знакамітым земляку. У Іванаве ўстаноўлены адзіны ў Еўропе помнік Напалеону Орду. У яго гонар адкрыты раённы музейны комплекс, імем мастака і кампазітара названа адна з вуліц горада, дзіцячая школа мастацтваў. Творчая спадчына Напалеона Орды ўяўляе сабой больш за 1150 акварэльных і графічных работ. Ён з'яўляецца аўтарам больш як 20 музычных твораў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі