Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 кастрычніка 2021, 19:56

Музей гісторыі ВАВ адзначае 77-годдзе

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, буйнейшаму нацыянальнаму сховішчу рэліквій ваеннай гісторыі, сёння споўнілася 77 гадоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

За гады свайго існавання і плённай працы музей стаў візітнай карткай краіны і самым наведвальным у рэспубліцы. Яго фондавыя калекцыі налічваюць больш за 157 тыс. адзінак захоўвання.

"77 гадоў наш музей збірае матэрыялы, што расказваюць пра падзеі самай кровапралітнай вайны ў гісторыі чалавецтва. Толькі за бягучы год у наш музейны збор на пастаяннае захоўванне было прынята 1069 адзінак, - адзначыў дырэктар музея Уладзімір Варапаеў. - Я хачу падзякаваць усім супрацоўнікам за праведзеную работу і павіншаваць са святам. Асаблівая ўдзячнасць - нашым дарагім ветэранам. Для многіх музей стаў як родны дом, для некаторых - адзіным месцам працы. Мы робім важную справу - захоўваем памяць, высвятляем новыя гістарычныя падрабязнасці, расказваем пра герояў, працуем над стварэннем новых праектаў".

Першыя экспанаты музея збіраліся па гарачых слядах падзей. "У 1943 годзе Чырвоная Армія толькі рабіла першыя крокі па вызваленні Беларусі, а ў гэты час ужо была задума аб стварэнні такога вялікага музея. Гэта з'яўлялася сімвалам таго, што Перамога ўжо блізка. Наш музей - першы на ўсёй постсавецкай прасторы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Першыя супрацоўнікі - былыя партызаны і падпольшчыкі, якія бачылі на ўласныя вочы трагічныя падзеі вайны. За кароткі перыяд ім удалося стварыць выставу, і 22 кастрычніка 1944 года музей адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў", - расказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце Ганна Галінская.

Паводле яе слоў, супрацоўнікі музея імкнуцца ісці ў нагу з часам. "У нас праводзяцца розныя экспазіцыі, акцыі, лекцыі. Сучасную моладзь не здзівіш інфарматыўнасцю, таму мы распрацоўваем новыя падыходы па прыцягненні наведвальнікаў. Музей актыўна пашырае сваю дзейнасць, спецыялісты распрацоўваюць новыя квесты для розных катэгорый наведвальнікаў, арганізоўваюць міжнародныя анлайн-канферэнцыі па абмене вопытам з замежнымі калегамі", - падкрэсліла Ганна Галінская.

Да святочнай даты падрыхтавана часовая фотадакументальная экспазіцыя "Паміж мінулым і будучым", прысвечаная гісторыі музея з моманту яго адкрыцця ў 1944 годзе да пераезду ў новы будынак у 2014-м. Праект раскрывае асноўныя аспекты дзейнасці музея за 70-гадовы перыяд. Сюжэтныя фатаграфіі, дакументы адлюстроўваюць найбольш цікавыя і важныя моманты падрыхтоўкі і адкрыцця першай экспазіцыі музея 22 кастрычніка 1944 года. Галоўныя дзеючыя асобы - людзі, якія да вайны, магчыма, не наведалі ніводнага музея, а ў 1944-м адразу з партызанскіх лясоў і з фронту прыйшлі ў разбураны вайной Мінск і на працягу 3 месяцаў здолелі стварыць першую музейную экспазіцыю.

У зале нумар 9 "Беларусь пасля вызвалення. 1944-1950 гг. Памяць пра вайну" адлюстравана гісторыя пасляваеннага аднаўлення краіны, якое стала магчыма дзякуючы працоўнаму гераізму народа. Адзін з раздзелаў экспазіцыі залы прысвечаны стварэнню і адкрыццю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўлены дакументы па арганізацыі музея, Кніга ўражанняў і прапаноў 1944 года, фатаграфіі першых супрацоўнікаў, большасць з якіх былі ўдзельнікамі партызанскага руху і падпольнай барацьбы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі