Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 лютага 2021, 14:55

Музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае 19 лютага на вечар роднай мовы

15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Літаратурна-музычнае мерапрыемства "Родная мова ў марах, у песнях, у снах...", прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, пройдзе 19 лютага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Сёння ў свеце налічваецца больш за 6 тыс. моў. Палавіна з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта для іх захавання, садзейнічання ў выкарыстанні ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў аб'яўлены Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.

"Гэты дзень прымушае яшчэ раз задумацца аб лёсе і будучыні мовы, якую мы завём "матчынай мовай", яна жывая, пакуль на ёй размаўляюць. Паводле даных перапісу насельніцтва, беларускую мову лічаць роднай 5 млн 58 тыс. жыхароў нашай краіны. Гэта значыць большасць грамадзян Беларусі", - адзначылі ў музеі.

Сёння гонар і абавязак кожнага з нас - шанаваць родную мову, абараняць яе. "У першых радах абаронцаў нацыянальнага скарбу заўсёды ідуць пісьменнікі, якія звяртаюцца да нас, беларусаў, каб мы не цураліся роднай мовы, сілай мастацкага выказвання паказваюць нам і ўсяму свету багацце і прыгажосць беларускай мовы, яе чысціню, выразнасць і мілагучнасць", - падкрэслілі арганізатары.

У час мерапрыемства "Родная мова ў марах, у песнях, у снах..." прагучаць вершы беларускіх паэтаў і народныя песні ў выкананні студэнцкіх творчых калектываў мінскіх навучальных устаноў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі